ЗША ня будуць прызнаваць ўступленьне на пасаду прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуры. Пра гэта на сваёй старонцы ў Твітэры заявіў дарадца прэзыдэнта ЗША ў галіне нацыянальнай бясьпекі Джон Болтан.
Акрамя гэтага, Вашынгтон узмоцніць ціск на прэзыдэнта Мадуру, якога ЗША лічаць дыктатарам, заявіў Джон Болтан.
Ён выказаў падтрымку парлямэнту ў Каракасе, большасьць дэпутатаў якога адносіцца да вэнэсуэльскай апазыцыі.
На другі тэрмін Нікаляс Мадура быў абраны ў канцы 2018 году. Мясцовая апазыцыя заявіла пра шматлікія парушэньні ў ходзе галасаваньня.
Мадура займае пасаду прэзыдэнта Вэнэсуэлы з 2013 году. Тады ён выйграў выбары, якія прайшлі пасьля сьмерці былога лідэра краіны Уга Чавэса. Цяперашні прэзыдэнт выступае за працяг эканамічнай палітыкі свайго папярэдніка, якую той называў «Баліварыянскім сацыялізмам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка вырашыў падарыць Вэнэсуэле 500 тонаў сухога малакаУ 2018 годзе эканамічнае становішча Вэнэсуэлы працягвала пагаршацца: паказчык інфляцыі ў краіне перавысіў адзнаку аднаго мільёна працэнтаў за год. У большасьці гарадоў назіраецца недахоп тавараў паўсядзённага ўжытку, мільёны людзей эмігравалі з краіны ў пошуках працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін забіты падчас пратэстаў у ВэнесуэлеЦырымонія ўступленьня Нікаляса Мадуры на пасаду прэзыдэнта Вэнэсуэлы на другі шасьцігадовы тэрмін адбываецца сёньня.