Выбух у жылым доме ў Расеі: колькасьць загінулых дасягнула 16 чалавек

Афіцыйна пацьверджаная колькасьць загінулых у выніку выбуху і абвалу пад’езда дома ў горадзе Магнітагорску Чалябінскай вобласьці Расеі дасягнула 16 чалавек, паведамляе «Настоящее время» са спасылкай на МНС Расеі.

Апошнімі дасталі целы двух жанчын, паведамляюць у МНС.

У Сьледчым камітэце Расеі заявілі, расьсьледуюць прычыны трагедыі і разглядаюць ўсе магчымыя вэрсіі, але падкрэсьлілі, што пацьверджаньняў вэрсіі тэракту няма.

«У сувязі з рознымі паведамленьнямі, якія зьяўляюцца ў СМІ, неабходна адзначыць, што на дадзены момант у дасьледаваных выбухатэхнікамі ўжо разабраных частках завалаў сьлядоў выбуховых рэчываў або іх кампанэнтаў ня выяўлена», — адзначылі ў СК Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбух у жылым доме ў Расеі. Сямёра загінулі, лёс некалькіх дзясяткаў чалавек невядомы

Раней некалькіх расейскіх СМІ зьявілася інфармацыя аб магчымай тэрарыстычнай падаплёцы выбуху дома ў Магнітагорску 31 сьнежня і яго магчымай сувязі з пажарам мікрааўтобуса ў гэтым жа горадзе 1 сьнежня.

Раніцай 31 сьнежня ў Магнітагорску Чалябінскай вобласьці Расеі адбыўся выбух, паводле папярэдніх дадзеных, газу, пасьля чаго абрынуліся канструкцыі аднаго з пад’ездаў 10-павярховага будынка. Раніцай 1 студзеня ратавальнікі аб’яўлялі аб часовым прыпыненьні пошукавых работ з-за пагрозы абвалу вонкавай сьцяны, якая не ўпала падчас выбуху. Прапаўшымі бязь вестак лічацца яшчэ каля 30 чалавек.

У Чалябінскай вобласьці Расеі 2 студзеня абвешчаны днём жалобы па загінулых у Магнітагорску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магнітагорску загарэлася маршрутка, тры чалавекі загінулі