Атака дронаў у Гатвіку: паліцыя адпусьціла затрыманых

Лётнішча Гатвік

Двух чалавек, затрыманых паводле падазрэньня ў дачыненьні да запуску дронаў над лёнданскім лётнішчам Гатвік, якое ў выніку было паралізаванае амаль на 36 гадзін, выпусьцілі на волю.

47-гадовы мужчына і 54-гадовая жанчына былі затрыманыя ўвечары ў пятніцу паводле падазрэньня ў дачыненьні да запуску бесьпілётнікаў над Гатвікам.

Паліцыя графства Сасэкс заявіла, што пара больш ні ў чым не падазраецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двое арыштаваных за дроны, якія паралізавалі працу лёнданскага аэрапорту

Прадстаўнік паліцыі сказаў, што затрыманыя «актыўна супрацоўнічалі» са сьледзтвам, і ён упэўнены, што яны ня маюць ніякага дачыненьня да інцыдэнту.

Раней паліцыя прасіла неадкладна зьвязацца зь ёй тых, у каго ёсьць хоць нейкая інфармацыя пра атаку дронаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дроны 30 гадзін не давалі працаваць лёнданскаму аэрапорту, 120 тысяч чалавек сядзелі і чакалі

Адміністрацыя лётнішча Гатвік прапануе ўзнагароду ў 50 тыс. фунтаў (63 тыс. даляраў) за інфармацыю пра асобаў, якія будуць затрыманыя і прызнаныя вінаватымі ў судзе за парушэньне бесьперабойнай работы лётнішча.