Адно з найбуйнейшых лётнішчаў у Вялікабрытаніі, Лёндан-Гатвік, пачало ў пятніцу, 21 сьнежня, аднаўляць працу пасьля поўнага спыненьня палётаў больш чым на суткі. Прычынай былі бесьпілётныя апараты, кіраваныя невядомым зламысьнікам або зламысьнікамі.
Усе ўзьлётныя палосы былі зачыненыя зь меркаваньняў бясьпекі ў сераду, 19 сьнежня, а 21-й гадзіне паводле мясцовага часу, калі над тэрыторыяй аэрапорту былі заўважаныя два дроны.
Праблема закранула сотню тысяч пасажыраў у адзін з самых актыўных пэрыядаў для авіяперавозак перад зімовымі сьвятамі — шмат рэйсаў былі адмененыя, а частка іх перанесеныя ў іншыя аэрапорты краіны і нават на эўрапейскі кантынэнт.
У ноч на чацьвер палёты ў Гатвік спрабавалі дазволіць, але амаль неадкладна спынілі пасьля таго, як бесьпілётнікі былі заўважаныя зноў.
Паліцыя кажа, што да гэтага часу ня выяўленая асоба або асобы, што запускалі бесьпілётнікі ў межах ўзьлётных палосаў.
Паводле дадзеных паліцыі, тыя лятальныя апараты, відавочна, былі адмыслова адаптаваныя, каб патрапіць у абароненую зону аэрапорту і мелі на мэце сарваць авіяпералёты.
«Кожны раз, калі мы лічылі, што набліжаемся да апэратара, робат зьнікаў; калі мы разглядалі магчымасьць адкрыцьця палосаў, робат зьяўляўся зноў», — сказаў прадстаўнік мясцовай паліцыі Джастын Бартэншоў.
Паліцыя пакуль ня зьвязвае сытуацыю з тэрарызмам, але прызнае, што ня ведае матываў відавочна зламысных дзеяньняў.
Брытанскія СМІ мяркуюць, што інцыдэнт можа быць зьвязаны з пратэстамі актывістаў аховы навакольнага асяродзьдзія, але ніякіх пацьверджаньняў пакуль няма.
Згодна з дзейнымі брытанскімі законамі, прыватныя асобы ня могуць выкарыстоўваць бесьпілётныя лятальныя апараты ў межах аднаго кілямэтру вакол ўзьлётных палосаў аэрапортаў.
Цяпер спэцыялісты выказваюць здагадку, што гэтая забароненая зона мусіць быць значна пашыраная.
Апэратары бесьпілётных лятальных апаратаў абавязаны пры запуску трымаць іх у полі свайго зроку, ня набліжаць дрон да людзей, будынкаў або аўтамабіляў бліжэй, чым на 50 мэтраў і не падымаць іх на вышыню вышэй за 122 мэтры.
Нягледзячы на такія правілы, у Вялікабрытаніі штогод рэзка ўзрастае колькасьць зарэгістраваных інцыдэнтаў з дронамі, заўважанымі ў зонах аэрапортаў і нават недалёка ад самалётаў, выклікаючы асьцярогі магчымых аварыяў.