Лукашэнка падпісаў указ аб павышэньні цэн на камунальныя паслугі ў 2019 годзе ў два этапы

Жыроўка. Ілюстрацыйнае фота.

Тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі для насельніцтва Беларусі у 2019 годзе вырастуць на 5 даляраў у эквіваленце ў разьліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажываньні. Пра гэта інфармуе «Інтэрфакс».

Як сказана ў паведамленьні прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі, адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 22 сьнежня.

У адпаведнасьці з указам, тарыфы будуць павышаныя ў два этапы. З 1 студзеня вырастуць сумарна у эквіваленце на $ 3,9 тарыфы на паслугі газа-, электра- і водазабесьпячэньня, водаадвядзеньня, па капітальным рамонце, санітарным утрыманьні дапаможных памяшканьняў жылога дому, памеры кампэнсацыі выдаткаў на электраэнэргію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За гарачую ваду і цяпло «дармаедам» давядзецца плаціць у 5 разоў больш

З 1 чэрвеня тарыф на паслугі цеплазабесьпячэння для патрэб ацяпленьня і гарачага водазабесьпячэньня будзе павышаны на $ 1,1.

Тарыфы на тэхабслугоўваньне жылога дому, ліфта, вываз цьвёрдых камунальных адкідаў захоўваюцца на ўзроўні 2018 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Доўг за электрычнасьць і цеплаэнэргію ў Беларусі наблізіўся да 1 млрд рублёў

У прэсавай службе адзначаюць, што «ва ўмовах росту жыльлёва-камунальных плацяжоў будзе працягнутая праца для дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва праз прадстаўленьне безнаяўных жыльлёвых субсыдый».

Такія субсыдыі прадстаўляюцца грамадзянам і сем’ям пры ўмове, што штомесячная сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15% — у сельскай мясцовасьці.