«Ніхто ня верыць у гэта». Рэпартаж зь вёскі, дзе адбыўся загадкавы суіцыд у міліцэйскай машыне

Свабода зьезьдзіла ў вёску Слаўкава Нясьвіскага раёну і пагаварыла зь сястрой, суседам і калегам Сяргея Абрамовіча. Ніхто зь іх ня верыць у афіцыйную вэрсію Сяргеевай сьмерці. 29 лістапада, як сьцьвярджае міліцыя, Сяргей павесіўся на матузку свайго чаравіка ў міліцэйскай машыне.

Сястра: «Прычын, чаму ён гэта мог зрабіць, я не знаходжу»

Іна Русак, сястра Сяргея Абрамовіча

Сяргею было 48 год. Ён жыў з бацькам у вёсцы Слаўкава, за 5 кілямэтраў ад Нясьвіжа. Апошнім часам рабіў вальшчыкам лесу.

«Нічога дрэннага пра брата сказаць не магу, — кажа Іна Русак, родная сястра Сяргея. — Найдабрэйшы чалавек быў. І спробаў самагубства ў яго ніколі не было. Прычын, чаму ён гэта мог зрабіць, я не знаходжу».

У вечар сьмерці Сяргей вярнуўся ўдзень з працы. Іна акурат была ў іх у гасьцях. Па яе словах, Сяргей «быў выпіўшы, але ня п’яны». Ён пасварыўся з бацькам, і той выклікаў на сына міліцыю.

Іна Русак каля бацькавай хаты, дзе жыў Сяргей Абрамовіч. Тут 29 лістапада яго затрымалі

«Тата стаў яго дапякаць, чаму Сяргей пайшоў пасьля працы да сяброў, а не дахаты. Казаў, што ягоныя сябры не давядуць да дабра. Што яго трэба адправіць ізноў у лячэбна-працоўны прафілякторый. Яны часта праз гэта сварыліся», — кажа Іна.

Пасьля сьмерці сына ў 2012 годзе Сяргей пачаў выпіваць. Двойчы кадзіраваўся, год адбыў у ЛПП.

«У сакавіку ён вярнуўся, а ў чэрвені патроху са знаёмым ізноў пачаў выпіваць. Кожны дзень ня піў, але пачаў. Хоць я яму і казала, што нельга», — кажа Іна.

Антон Енчык, сусед Абрамовіча ў вёсцы Слаўкава

Антон Енчык, сусед Сяргея, кажа, што той сапраўды выпіваў. Але ніякіх перадумоваў для самагубства ў яго не было.

«Ён быў вясёлы чалавек, любіў пажартаваць, пасьмяяцца. Калі вып’е, ён з бацькам пачынаў буяніць. Але не чапаў яго ніколі», — кажа Антон.

«Да Нясьвіжа ехаць 10 хвілін. Дзе яго вазілі 2,5 гадзіны? Нехта нешта недагаворвае»

Службовыя машыны каля будынку міліцыі ў Нясьвіжы

Міліцыя забрала Сяргея 29 лістапада ў 16.40. Сьледчы пазваніў Іне праз 2,5 гадзіны — у 19.10.

«Я думала, можа ён зьбег з машыны. А аказалася, што павесіўся на матузку ад чаравіка. Сантымэтраў 40 ад сілы. Дзе там можна ў машыне, спэцыялізаванай, калі там і ручкі няма? І краты зашклёныя. Куды можна было ўсунуць і падчапіцца? Я не разумею».

Потым Іна даведалася, што з хаты Сяргея павезьлі не наўпрост у РАУС, а празь вёскі Юшавічы, Затур’я́, Сейлавічы. Гэта на 20 кілямэтраў даўжэй, чым калі ехаць у Нясьвіж наўпрост.

«Калі б павезьлі са Слаўкава адразу, гэтага не было б. А так яго невядома дзе вазілі, невядома што там адбывалася», — кажа Іна.

Потым знаёмыя распавядалі Іне, як бачылі міліцыянтаў каля вёскі Пагулянка. Каля іх на зямлі ляжаў чалавек.

«Нават калі гэта здарылася, усё адно міліцыя вінаватая, — лічыць Іна. — Яны яго пакінулі аднаго. Значыць, нехта недагаворвае. Я разумею, што мне яго не ажывіць. Я хачу, каб людзі не заставаліся беспакаранымі».

Сястра Іна сумняецца, што ейны брат памёр праз самагубства. Яна бачыла, як выглядае чалавек пасьля ўдушэньня. Бо раней павесіўся ейны малодшы брат.

«На шыі Сяргея я не знайшла сьледу ад матузка. Баразны не было. Толькі разрэзы ад ускрыцьця. А павінна была быць баразна. Сіні пігмэнт вакол яе. Рукі чыстыя. Ацёкаў сінявы на руках не было. Застой крыві павінен быць і пазногці быць сінімі. Гэтага не было».

У доказ сваіх словаў Іна паказвае даведку аб сьмерці. І там напісана, што прычыны высьвятляюцца.

«Калі б быў суіцыд, было б напісана „асьфіксія“ (удушша. — РС), а потым ужо расшыфроўка: ці шляхам задушэньня, ці павешаньня. Гэтага няма», — кажа Іна.

У той жа час на целе брата Іна пабачыла драпіну, якой не было да затрыманьня.

«Як мне тлумачыў сьледчы, яна была 20-дзённая. Але яна не была 20-дзённая, я бачыла брата, калі забіралі. Не было ў яго драпіны», — кажа Іна.

«Сьледчы пытаўся, ці я лічу вінаватымі ў сьмерці брата міліцыянэраў. Я сказала, што так»

Будынак міліцыі ў Нясьвіжы

Іна кажа, што ў Сяргея не было стрэсу, каб гэта магло прывесьці да самазабойства.

«Сын у яго памёр у 2012-м. І ён 6 год з сабой не рабіў нічога пасьля такога стрэсу. А зараз у машыну забралі міліцэйскую, і ў яго стрэс здарыўся? Ня тое што я сама, ніхто ня верыць у гэта», — кажа Іна.

Іна Русак трымае партрэт брата Сяргея

Тое самае кажа і Ўладзімер Балтуцкі, калега і даўні сябра Сяргея.

«Мы ж зь ім даўно былі знаёмыя, 10 год працавалі разам. Нават блізка не было такой размовы», — кажа Ўладзімер.

Пасьля сьмерці Сяргея Абрамовіча міліцыя адзін раз зьвязвалася са сваякамі. Цяпер вядома, што расьсьледаваньне працягнутае да 29 сьнежня.

​Другі раз да сьледчага Іна хадзіла сама.

«Ён пытаўся, ці я лічу вінаватымі ў сьмерці брата міліцыянэраў. Я сказала, што так. Што ім жыць зь іх сумленьнем».