Трамп паабяцаў аддаць Турэччыне абвінавачаных у арганізацыі спробы перавароту

Фэтхулах Гюлен, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп апавясьціў прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана, што Вашынгтон робіць захады да экстрадыцыі ісламскага грамадзкага дзеяча Фэтхулаха Гюлена і шэрагу яго паплечнікаў, якіх Турэччына абвінавачвае ў арганізацыі спробы дзяржаўнага перавароту ў краіне ў 2016 годзе.

Размова адбылася на саміце G20 у Аргентыне, які прайшоў два тыдні таму, паведаміў Reuters міністар замежных спраў Турэччыны Мэўлют Чавушаглу.

Раней Трамп заявіў, што не разглядае пагадненьне, паводле якога Гюлен будзе вернуты ў Турэччыну ў абмен на паслабленьне дыпляматычнага ціску Анкары на Саудаўскую Арабію ў сувязі з забойствам у Стамбуле саудаўскага апазыцыйнага журналіста Джамаля Хашокджы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гюленам нас не падкупіце». Турэччына ня хоча зьвязваць выдачу прапаведніка са справай Хашокджы

​Тэлеканал NBC паведамляў, што адміністрацыя Трампа ўсё ж разглядае пытаньне аб выдачы Гюлена.

Фэтхулах Гюлен — 78-гадовы ісламскі багаслоў і прапаведнік. З 1999 году жыве ў выгнаньні ў Злучаных Штатах (меркавана, у штаце Пэнсільванія). Улады Турэччыны неаднаразова дамагаліся яго выдачы і абвінавачвалі Гюлена і ягоных прыхільнікаў у тым, што менавіта яны паспрабавалі ўчыніць вайсковы пераварот у Турэччыне ў ноч на 16 ліпеня 2016 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Турэччыне — спроба дзяржаўнага перавароту. 60 загінулых. АНЛАЙН

Гюлен стаў вядомым у канцы 60-х гадоў, калі быў прапаведнікам у галоўным мячэце Ізміру. У 1999 годзе ён накіраваўся ў добраахвотнае выгнаньне, калі яго абвінавацілі ў спробе падарваць сьвецкі характар турэцкай дзяржавы. Калісьці быў саюзьнікам Эрдагана і дапамог рэлігійнай кансэрватыўнай Партыі справядлівасьці і разьвіцьця (ПСР) турэцкага прэзыдэнта прыйсьці да ўлады. Але пасьля гэтага саюзьнікі разышліся.

У траўні 2016 году рух Гюлена «Хізмэт» («Служба») быў абвешчаны ў Турэччыне тэрарыстычнай арганізацыяй. Рух спансаваў каля тысячы навучальных цэнтраў па ўсім сьвеце і дапамагаў студэнтам сярэдніх школ у 150 краінах вывучаць турэцкую мову і рыхтавацца да здачы ўступных іспытаў ва ўнівэрсытэты. Урад Эрдагана абвінаваціў выкладчыкаў гэтых цэнтраў у тым, што яны падтрымліваюць Гюлена і выступаюць супраць уладаў. Многія настаўнікі былі арыштаваныя, а тым, хто працаваў за мяжой (у тым ліку ў краінах Цэнтральнай Азіі і Каўказу), улады Турэччыны загадалі вярнуцца на радзіму.

Прыхільнікаў Гюлена таксама абвінавачвалі ў Турэччыне ў некалькіх тэрактах, у тым ліку забойстве расейскага амбасадара Андрэя Карлава.