Парлямэнт эўрапейскай краіны, не прызнанай Беларусьсю, прагаласаваў за стварэньне войска

Супрацоўнікі Сіл бясьпекі Косава на пасяджэньні парлямэнту, Прышціна 14 сьнежня 2018 году.

Парлямэнт часткова прызнанай Рэспублікі Косава прыняў у пятніцу тры законы, зьвязаных з пераўтварэньнем Сіл бясьпекі ў паўнавартаснае войска. Трансфармацыя будзе працягвацца дзесяць гадоў.

Назва Сіл бясьпекі застаецца ранейшай, але структура і паўнамоцтвы будуць зьмененыя. Новыя паўнамоцтвы тычацца аховы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, а таксама абароны грамадзянаў, уласнасьці і інтарэсаў Косава, ваеннай падтрымкі цывільных уладаў і ўдзелу ў міжнародных апэрацыях.

Сілы бясьпекі Косава, у адпаведнасьці з новым мандатам, будуць налічваць каля 8000 чалавек, з якіх 3000 — рэзэрвісты. Бюджэт гэтых сіл цяпер складае каля 55 мільёнаў эўра ў год, аднак у бліжэйшыя гады ён будзе паступова расьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейская краіна, якую не прызнае Беларусь, створыць войска

Прэзыдэнт Косава Хашым Тачы заявіў напярэдадні галасаваньня, што трансфармацыя Сіл бясьпекі зьяўляецца фактарам стабільнасьці ў рэгіёне і за яго межамі, і падзякаваў саюзьнікам і партнэрам за разуменьне і падтрымку. «Я запэўніваю ўсе супольнасьці ў Косаве, асабліва сэрбскую, што Сілы бясьпекі будуць служыць усім грамадзянам, незалежна ад этнічных адрозьненьняў», — сказаў Тачы.

Між тым рашэньне косаўскіх уладаў, якія абвясьцілі ў 2008 годзе незалежнасьць ад Сэрбіі, выклікае незадаволенасьць Белграда і неадназначную рэакцыю яго асноўных партнэраў. Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг папярэдзіў улады ў Прышціне, што яны сутыкнуцца з сур’ёзнымі наступствамі, калі працягнуць працэс пераўтварэньня Сіл бясьпекі ў войска.

У той жа час амбасадар ЗША ў Косаве Філіп Коснэт сказаў, што Злучаныя Штаты лічаць, што фармаваньне косаўскай арміі зьяўляецца пазытыўным і натуральным крокам.