Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Косава стварае ўласнае войска


Косаўскія сілы бясьпекі, створаныя дзеля дзеяньняў у надзвычайных сытуацыях, плянуецца пераўтварыць у рэгулярнае войска. Сэрбія катэгарычна супраць гэтых намераў.

Косава празь дзесяць гадоў пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб незалежнасьці робіць першыя крокі, накіраваныя на фарміраваньне ўласных узброеных сілаў. Парлямэнт у Прышціне ў чацьвер, 18 кастрычніка, прагаласаваў за пераўтварэньне Косаўскіх сіл бясьпекі (Kosovo Security Force), прызначаных для рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі, у рэгулярнае войска. Дэпутаты ад сэрбскай меншасьці на знак пратэсту пакінулі парлямэнцкія дэбаты, паведамляе DW.

Сэрбія рэзка скрытыкавала пляны Прышціны. Міністар абароны Сэрбіі Аляксандар Вулін заявіў у Бялградзе, што стварэньне арміі ў Косаве стане небясьпекай для міру і будзе пагражаць «Сэрбіі і сэрбам».

Пасьля заканчэньня вайны ў Косаве ў 1999 годзе бясьпеку ў гэтым рэгіёне забясьпечваюць вайскоўцы NATO зь місіі KFOR. Цяпер у ёй задзейнічаныя больш як 4000 салдат і афіцэраў.

Косава абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі ў 2008 годзе. Ад тых часоў яго незалежнасьць прызналі больш як 110 дзяржаваў.

У 2008 годзе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савету Рэспублікі Беларусі асудзілі аднабаковае абвяшчэньне незалежнасьці Косава і заклікалі парлямэнты ўсіх краінаў «абвясьціць дэклярацыю аб незалежнасьці ня маючай законнай сілы». У 2012 годзе амбасадар Беларусі ў Сэрбіі Ўладзімір Чушаў заявіў, што «Беларусь ніколі не прызнае незалежнасьці Косава».

Сэрбія па-ранейшаму лічыць Косава адной са сваіх правінцыяў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG