Актывіста два дні трымаюць на Акрэсьціна за пікет. Калі суд, дагэтуль невядома

Алесь Абрамовіч (зьлева) і Сяргей Падзолка падчас пікету 10 сьнежня

У панядзелак, 10 сьнежня, у Менску былі затрыманыя актывісты Сяргей Падзолка, Алесь Абрамовіч і Натальля Гарачка — у Дзень правоў чалавека яны зладзілі пікет на Кастрычніцкай плошчы ў падтрымку свабоды СМІ і супраць прысуду кіраўніцтву прафсаюзу РЭП.

Як піша праваабарончы цэнтар «Вясна», Сяргей Падзолка, кіраўнік Барысаўскага аддзяленьня партыі БСДП, дагэтуль за кратамі — у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсьціна. Пасьля затрыманьня яму стала кепска, але дамоў яго не адпусьцілі.

Як выявілася 12 сьнежня, праз два дні па затрыманьні дата суду ўсё яшчэ ня вызначаная. Сакратарка суду Цэнтральнага раёну Менску паведаміла, што такая адміністрацыйная справа да іх не паступала.

Абрамовіча, затрыманага з Падзолкам, адпусьцілі ў дзень затрыманьня пасьля складаньня пратаколу. У Гарачкі пасьля затрыманьня падняўся ціск, яе даставілі ў шпіталь, адтуль адпусьцілі дамоў.

Паводле арт. 8.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу чалавека можна затрымаць без суду максымум на 72 гадзіны (тры дні), калі яму інкрымінуецца правапарушэньне, за якое могуць пакараць адміністрацыйным арыштам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства інфармацыі Беларусі «закавалі ў ланцугі». ФОТА

Гэта была не адзіная акцыя 10 сьнежня ў Менску: у той жа дзень дзьверы Міністэрства інфармацыі «закавалі ў ланцугі», а ў судзе за «дэканструкцыю міліцыянта» актывісты «патролілі» міністра ўнутраных спраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актора Свабоднага тэатру аштрафавалі за пэрформанс зь міліцэйскай формай