Узрасла колькасьць ахвяраў страляніны ў Страсбуры

Фота зь месца здарэньня, 11 сьнежня 2018 году

У аўторак увечары ў цэнтры Страсбуры непадалёк ад каляднага кірмашу невядомы адкрыў страляніну. На дадзены момант вядома, што тры чалавекі загінулі, 11 атрымалі раненьні, піша Reuters. Такія ж дадзеныя прыводзіць Le Figaro.

​Міністар унутраных спраў Францыі паведаміў, што асоба стралка ўстаноўленая: ён быў раней вядомы паліцыі, бо ўжо меў праблемы з законам. Пазьней стала вядома, што гэта 29-гадовы ўраджэнец Страсбуру. Паводле інфармацыі францускіх СМІ, яго павінны былі арыштаваць раніцай у аўторак па падазрэньні ў рабаваньні, аднак паліцыянты не засталі яго дома.

AFP са спасылкай на крыніцы ў паліцыі паведамляе, што паліцыянты патрулююць гэты раён, вялі перастрэлку з баевіком і паранілі яго, але яму ўдалося схавацца. The Guardian паведамляе, што, паводле відавочцаў, злачынец страляў некалькі разоў з розных месцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страляніна ў Страсбуры: сама меней двое загінулі, ёсьць параненыя. ВІДЭА

Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала папярэджаньне пра здарэньне ў горадзе і папрасіла жыхароў не выходзіць з дому.

Будынак Эўрапейскага парлямэнту ў Страсбуры заблякаваны, супрацоўнікі і журналісты ня могуць яго пакінуць, паведамляе AFP. Сёньня там праходзіць пленарнае пасяджэньне, на якім прысутнічаюць сотні сяброў Эўрапарлямэнту.

У сьнежні 2016 году ў Бэрліне кіроўца фуры урэзаўся на грузавіку ў натоўп людзей на калядным кірмашы. У выніку загінулі 12 чалавек, 48 былі параненыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС: Грамадзян Беларусі сярод пацярпелых у Страсбуры няма