Пуцін: Не жадаем, каб у нас было, як у Парыжы, дзе паляць усё запар

Уладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сказаў гэта, камэнтуючы справу праваабаронцы Льва Панамарова.

Панамароў быў арыштаваны на 16 сутак за пост у Facebook пра акцыю ў падтрымку абвінавачаных па справах «Новай велічы» і «Сеткі» (арганізацыяў, якім у Расеі інкрымінуюць антыдзяржаўную дзейнасьць), Пуцін параўнаў гэта зь беспарадкамі ў Францыі. Ён заявіў, што не хацеў бы паўтарэньня такіх падзеяў у Расеі. «Мы ж з вамі ня хочам, каб у нас былі падзеі, падобныя на Парыж, дзе разьбіраюць брук, паляць там усё запар, і краіна потым апускаецца ў надзвычайнае становішча», — сказаў Пуцін у аўторак на сустрэчы з Радай па правах чалавека.

Прэзыдэнт РФ заявіў, што папросіць генэральнага пракурора Юрыя Чайку праверыць рашэньне аб арышце на 16 сутак 77-гадовага Панамарова.

Таксама Пуцін выказаўся пра арышт у ЗША расіянкі Марыі Буцінай, якую вінавацяць у дзейнасьці ў якасьці замежнага агента. Паводле прэзыдэнта РФ, ён апытаў кіраўнікоў расейскіх спэцслужбаў і яны заявілі, што нічога пра гэтага чалавека ня ведаюць.