Берасьцеец падаваў у суд на міліцыянтаў за зьбіцьцё, але сам атрымаў 2 гады калёніі

Ілюстрацыйнае фота

Ленінскі раённы суд Берасьця вынес выракі Сяргею Ярасю і Аляксандру Гуцько за гвалт у дачыненьні да міліцыянтаў. Хаця на судзе абвінавачаныя казалі, што гэта міліцыянты білі іх.

Сяргей Ярась пакараны 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі, а Аляксандар Гуцько — 3 гадамі абмежаваньня свабоды («хіміі»).

Канфлікт берасьцейцаў зь міліцыянтамі адбыўся на іх прыватным падворку ў верасьні 2017 году. Ярась і Гуцько адпачывалі на двары, смажылі шашлык, слухалі музыку. Суседка паскардзілася ў міліцыю на гучную музыку.

На выклік а 18-й гадзіне прыехалі міліцыянты Георгі Асінкін і Юры Матвійчук. Далей у судзе тлумачэньні бакоў адрозьніваліся. Міліцыянты даводзілі, што на іх накінуліся з кулакамі Ярась і Гуцько. Асінкін казаў, што Ярась ударыў яго брусам, калі міліцыянт спрабаваў пералезьці праз плот на надворак.

Падчас інцыдэнту міліцыянты стралялі ў паветра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Білі, катавалі, мачыліся на галаву — 10 фактаў гвалту, у якіх падазраюць беларускіх міліцыянтаў

Асуджаныя даводзілі, што ўсё было інакш: калі міліцыянты прыйшлі на двор, яны пагадзіліся сьцішыць музыку, якой была незадаволеная суседка, а таксама папрасілі праваахоўнікаў пакінуць двор. Міліцыянты пайшлі, а потым вярнуліся з падмацаваньнем, скруцілі, пабілі хлопцаў ды завезьлі ў Ленінскі РАУС.

Затрыманыя правялі ноч у ізалятары, на іх склалі пратаколы за хуліганства, назаўтра Ярась і Гуцько былі аштрафаваныя судом.

Пасьля гэтага Сяргей Ярась зьвярнуўся ў лякарню, дзе ў яго дыягнаставалі пераломы рэбраў ды шматлікія кровападцёкі.

Праз паўгода супраць міліцыянтаў нават завялі крымінальную справу за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Аднак справа была спыненая, складу злачынства не знайшлі.

Затое трапіла ў суд справа супраць Ярася і Гуцько — за гвалт у дачыненьні супрацоўнікаў міліцыі.

Паводле выраку Сяргей Ярась разам з Аляксандрам Гуцько мусяць кампэнсаваць міліцыянту Георгію Асінкіну 300 рублёў маральнай шкоды, а міліцыянту Юрыю Матвійчуку 150 рублёў павінен сплаціць Сяргей Ярась.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды тэлефон падзела, с...ка?» 5 гучных гісторыяў аб гвалце, у якім абвінавачвалі сілавікоў