Былому прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу можа спатрэбіцца абсьледаваньне i лячэньне ў Ізраілі пасьля таго, як ён на мінулым тыдні траўмаваўся, верагодна, падчас гульні ў тэніс, заяўляе яго адвакат Аляксандар Гарашынскі.
Паводле абаронцы, 4 сьнежня ён прыехаў у Маскву з нагоды заплянаванага на 5 сьнежня паседжаньня Абалонскага суду Кіева ў справе, у якой Віктара Януковіча абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе. Як заявіў Гарашынскі, зь Януковічам ён ня бачыўся, але меў зносіны з ізраільскім лекарам, якога запрасілі агледзець траўмаванага экс-прэзыдэнта.
Хірург Эяль Атыяс, па словах адваката, назваў траўму Януковіча «вельмі сур’ёзнай» і выказаўся за яго перавозку ў Ізраіль для далейшых абсьледаваньняў і, магчыма, апэрацыі.
Дакладнага дыягназу і назвы клінікі, куды могуць даставіць Януковіча, абаронца не назваў. Перададзеныя ізраільскім хірургам высновы ён паабяцаў перадаць Абалонскаму суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч трапіў у шпіталь. Ён ня можа рухацца19 лістапада Януковіч ня змог выступіць у судзе з апошнім словам, адвакат паведаміў пра ягоную траўму. 18 лістапада расейскія СМІ паведамілі аб шпіталізацыі Януковіча ў НДІ імя Скліфасоўскага ў Маскве з траўмамі сьпіны і калена. Адзначалася, што ён быў у нерухомым стане. Пазьней экс-прэзыдэнта перавялі ў прыватную клініку.
Суд перанёс выступ Януковіча на 5 сьнежня.
13 верасьня Абалонскі раённы суд Кіева пачаў заслухоўваньне боку абароны на стадыі дэбатаў. Бок абвінавачваньня 16 жніўня папрасіў у суду 15 гадоў зьняволеньня для Януковіча.
Паводле зьвестак Генпракуратуры, Януковіча падазраюць у злачынствах, прадугледжаных артыкуламі «дзяржаўная здрада», «саўдзел у наўмысных дзеяньнях, учыненых з мэтай зьмены межаў тэрыторыі і дзяржаўнай мяжы Ўкраіны» і «саўдзел у вядзеньні агрэсіўнай вайны».
Віктар Януковіч уцёк у Расею зімой 2014 году пасьля расстрэлаў пратэстоўцаў на Майдане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд дазволіў Януковічу выступіць з апошнім словам з бальніцы