Трамп выказаў надзею на строгі прысуд свайму былому адвакату

Майкл Коэн

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў надзею на «усёабдымны» судовы прысуд свайму былому юрысту Майклу Коэну.

Паводле Трампа, Коэн хлусіў пра дамоўленасьці з Расеяй у пэрыяд прэзыдэнцкай кампаніі 2016 году.

Чакаецца, што прысуд Коэну будзе абвешчаны 12 сьнежня. Ён прызнаў сябе вінаватым ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, вырабе фальшывых банкаўскіх дакумэнтаў, фінансавых парушэньнях падчас прэзыдэнцкай кампаніі і ў тым, што даў ілжывыя паказаньні ў Кангрэсе ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны ЗША: Расея спрабавала ўмяшацца ў прамежкавыя выбары ў Кангрэс

Былы адвакат Трампа, Коэн стаў супрацоўнічаць са спэцыяльным пракурорам Робэртам Мюлерам, які кіруе расьсьледаваньнем меркаванага расейскага ўмяшаньня ў выбарчую прэзыдэнцкую кампанію 2016 году. Расея адмаўляе якое-небудзь сваё ўмяшаньне, а Трамп называе гэтае расьсьледаваньне палітычным «паляваньнем на вядзьмарак».

Адвакаты Коэна зьвярнуліся да судзьдзі з просьбай не прыгаворваць яго да турэмнага зьняволеньня.