Ва Ўкраіне за 70 кілямэтраў ад мяжы Беларусі пачаліся маштабныя вайсковыя вучэньні

Вайсковыя вучэньні ва Ўкраіне, архіўнае фота

На вайсковым палігоне «Ганчароўскае» ў Чарнігаўскай вобласьці ідуць брыгадныя тактычныя вучэньні з баявой стральбой.

Як паведамілі Свабодзе ў апэратыўным камандаваньні «Поўнач», вучэньні адбываюцца ў набліжаных да рэальных баявых умовах, але не ўдакладнілі колькасьць далучаных узброеных сілаў.

Адначасова ва ўсіх абласьцях Украіны, дзе абвешчана ваеннае становішча, сёньня пачаліся вучэньні з удзелам рэзэрвістаў і вайсковаабавязаных, каб падрыхтаваць сілы тэрытарыяльнай абароны. У той жа час кіраўніцтва Ўкраіны запэўнівае, што мабілізацыя ў войска будзе абвешчаная толькі ў выпадку адкрытай агрэсіі Расеі.

Сёньня ж прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка анансаваў перадысьлякацыю войскаў да мяжы з Расеяй.

«Мы маем поўную інфармацыю наконт павелічэньня колькасьці расейскіх войскаў уздоўж нашай мяжы і ва акупаваным Крыме», — заявіў Пятро Парашэнка.

Грамадзян просяць не фатаграфаць і не публікаваць у сацыяльных сетках рух вайсковых калён і тэхнікі.

Апошні раз маштабныя вучэньні на палігоне «Ганчароўскае» праходзілі ў верасьні 2017 году — паралельна зь беларуска-расейскімі манэўрамі «Захад-2017».

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.

    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча

  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.