Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель прапусьціць адкрыцьцё саміту «Групы 20» у Аргентыне пасьля таго, як ўрадавы самалёт, якім яна ляцела ў Буэнас-Айрэс, зрабіў аварыйную пасадку ў Кёльне.
Пры гэтым ніхто не пацярпеў. Ангела Мэркель і міністар фінансаў Нямеччыны Олаф Шольц працягнуць паездку раніцай 30 лістапада, але прыбудуць на саміт ужо тады, калі іншыя сусьветныя лідэры пачнуць дыскусіі, піша агенцтва Reuters.
«Гэта была сур’ёзная паломка. На шчасьце, у нас выдатны экіпаж і спрактыкаваны пілёт», — сказала канцлер неўзабаве ў гатэлі ў Боне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Мэркель заклікала Расею не блякаваць доступу да партоў УкраіныАгенцтва dpa цытуе прадстаўніка Мэркель Штэфэна Зайбэрта, які ўдакладніў, што Мэркель і яе дэлегацыя раніцай 30 лістапада плянуюць паехаць у Мадрыд, дзе сядуць на камэрцыйны рэйс у Буэнас-Айрэс.
Саміт G20 — дваццаці найбуйнейшых эканомік сьвету — будзе адбывацца ў Аргентыне з 30 лістапада па 1 сьнежня. Мэркель напярэдадні заявіла, што ў кулюарах саміту пагаворыць з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным аб нядаўняй агрэсіі Расеі супраць украінскіх караблёў і іх экіпажаў у Керчанскай пратоцы.
29 лістапада прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп скасаваў сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным з прычыны канфлікту ў Керчанскай пратоцы.