У Беларусі больш за паўмільёна інвалідаў. І колькасьць іх расьце

Па стане на 1 лістапада ў Беларусі налічвалася 568 тысяч інвалідаў. Амаль 32 тысячы зь іх — дзеці ва ўзросьце да 18 гадоў. Гэтыя лічбы назваў журналістам 28 лістапада намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандар Румак.

Чаму інвалідаў становіцца больш, а ня менш

Яшчэ 10 гадоў таму ў Беларусі было менш за 500 тысяч інвалідаў. Паводле прагнозу, празь некалькі гадоў іхная колькасьць павялічыцца да 600 тысяч. Дырэктар рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Мэдыцынская экспэртыза і рэабілітацыя» Васіль Смычак назваў чатыры асноўныя прычыны, чаму колькасьць інвалідаў не зьніжаецца, а павялічваецца:

  1. Расьце агульная працягласьць жыцьця насельніцтва.
  2. Расьце колькасьць цяжкіх хваробаў, найперш анкалягічных і сардэчна-судзінных, якія прыводзяць да інваліднасьці.
  3. Расьце колькасьць траўмаў.
  4. Падыходы да прызнаньня інваліднасьці ў Беларусі лібэралізуюцца.

На якія грошы жывуць інваліды?

​Тыя інваліды, якія раней працавалі, атрымліваюць пэнсію па інваліднасьці. Паводле Аляксандра Румака, іхная сярэдняя пэнсія ў лістападзе сёлета дасягнула 346 рублёў 73 капеек. Тыя інваліды, якія наагул ніколі не працавалі, атрымліваюць сацыяльную пэнсію памерам каля 205 рублёў.

86 тысяч інвалідаў, альбо каля 15% ад агульнай іх колькасьці, цяпер працуюць, сярод іх ёсьць інваліды ўсіх трох груп.

Павелічэньне шэрагаў працоўных інвалідаў экспэрты зьвязваюць са зьменамі ў заканадаўстве.

Раней складаўся сьпіс тых спэцыяльнасьцяў, у якіх інвалідам дазвалялася працаваць. Усе астатнія віды працы ім былі забароненыя. Цяпер існуе процілеглы сьпіс — прафэсій, у якіх інвалідам працаваць забаронена. На любую іншую спэцыяльнасьць інвалід мае права ўладкавацца.

Сёлета 29 інвалідаў атрымалі крэдыты для таго, каб адкрыць сваю ўласную справу.