Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як электравазок зьмяніў жыцьцё бабруйскай блогеркі


Інга Татур

«Я адчуваю сябе дарослым чалавекам», — так кажа жыхарка Бабруйску Інга Татур пра тое, як зьмяніў яе жыцьцё электравазок. 49-гадовая жанчына мае хваробу цягліц і ня можа самастойна перасоўвацца. Дзевяць год таму вазок ёй падарылі беларускія блогеры.

Інга марыла пабываць на бабруйскіх вуліцах без суправаджэньня. Цяпер яна заўсёдніца выстаў, наведвае тэатар ды кіно. Да гэтага падахвочвае сваіх сяброў, таксама інвалідаў-вазочнікаў. Разам яны робяць гарадзкую прастору больш камфортнай для сябе.

Днямі на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» пачалі зьбіраць 10,5 тысячы рублёў на новы электравазок для Інгі. Стары за час эксплюатацыі вычарпаў свой рэсурс і стаў часьцей ламацца. Адкласьці на вазок грошы з сваёй пэнсіі ў 280 рублёў Інга ня можа, таму зьвярнулася па дапамогу.

Хто такая Інга Татур

Інга Татур не прамінае ніводнай выставы ў Бабруйску
Інга Татур не прамінае ніводнай выставы ў Бабруйску
  • ​Беларускамоўная блогерка. Пісаць у інтэрнэце пачала пасьля знаёмства з творчасьцю Сяргея Балахонава й Андрэя Хадановіча. Беларушчынай захапілася ў дзяцінстве, прачытаўшы беларускія казкі.
  • З чатырнаццаці гадоў ня ходзіць, бо мае дыстрафію цягліц (міяпатыю).
  • Марыць пра вандроўкі. Хоча наведаць менскі Палац мастацтваў ды пабываць на рацэ.

Як у Інгі зьявіўся электравазок

У 2008 годзе беларуская блогерка Наталка Васілевіч прачытала ў дзёньніку на сайце LiveJournal допіс Інгі пра яе мару — электравазок. Цягам году яна разам зь іншымі блогерамі зьбірала грошы. У 2009-м мара Інгі стала яваю.

«І вось у мяне ёсьць вазок. Заўсёды марыла пагуляць адна па горадзе. Самой кіраваць і самой выбіраць кірунак. Цяпер мара мая спраўджваецца», — казала Інга Свабодзе, калі Наталка Васілевіч зь сябрамі прывезла ёй вазок.

Мара Інгі Татур пабываць на бабруйскіх вуліцах без суправаджэньня збылася
Мара Інгі Татур пабываць на бабруйскіх вуліцах без суправаджэньня збылася

Навучылася адчуваць сябе чалавекам са сваімі патрэбамі

Мінула амаль дзесяць год. Інга ўпэўнена едзе бабруйскімі вуліцамі на мясцовы рынак па гародніну. Дарогаю апавядае, што зьмянілася за апошнія гады ў яе жыцьці, у горадзе ды ў стаўленьні людзей да вазочнікаў.

«Маё жыцьцё стала больш рухавым ды больш дынамічным, — кажа яна дарогаю. — Я адчуваю сябе самастойным, дарослым чалавекам. Гэта ўжо зусім іншае жыцьцё. Калі раптам давядзецца засесьці дома, як тое часьцяком бывае ўзімку, дык гэта будзе катастрофа».

Інга кажа, што мусіла вучыцца быць на вуліцы ў вазку і прызвычайвацца да новага адчуваньня — «што ты чалавек і ў цябе такія самыя патрэбы, як і ў іншых».

На закупах на рынку
На закупах на рынку

Маці не адразу стала давяраць ёй закупы. Непакоілася, што ў дачкі будуць праблемы з дарогаю на рынак.

«Вядома ж, прасьцей скарыстаць дастаўку харчоў на дом, ці папрасіць, каб прывезьлі той жа гародніны сваякі, — кажа Інга. — Але я настолькі залежная ад людзей, столькі даводзіцца просіць іх пра нешта, што калі зьяўляецца магчымасьць зрабіць нешта самой, то цешуся ўжо самім адчуваньнем, што я паўнавартасны чалавек».

«Як будзем сядзець, то нічога і мяняцца ня будзе»

Па яе словах, сытуацыя зь безбар’ерным асяродзьдзем у Бабруйску пакрысе мяняецца. Горад становіцца больш камфортным для інвалідаў-вазочнікаў. Для гэтага, кажа Інга, прыкладаюць намаганьні самі людзі з абмежаваньнямі. Калі часта бываць у тэатрах, кавярнях, выставачных залях, гэта вымушае кіраўніцтва рабіць больш зручныя ўваходы.

«Як будзем сядзець і нічога не рабіць, то нічога і мяняцца ня будзе. Каму гэта патрэбна, акрамя нас?» — кажа Інга.

Пераходзячы вуліцу, трэба напружвацца, каб ня вываліцца з вазка
Пераходзячы вуліцу, трэба напружвацца, каб ня вываліцца з вазка

Яна згадала, як зь сяброўкамі хацела завітаць у кавярню, але не было пандуса. У кавярні прызналіся, што ў іх раней не было наведнікаў-інвалідаў, таму і патрэбы ў пандусе не ўзьнікала. Інга мяркуе, што пра зручныя ўваходы для людзей з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі кіраўніцтва ўстаноў абслугоўваньня думае ў апошнюю чаргу. «Калі наагул задумваецца пра гэта», — дадае яна.

Адхіляесься ад маршруту — і натыкаесься на перашкоды

Калі выбіраесься ў горад, варта быць гатовым да любых неспадзяванак, заўважае суразмоўніца, аб’яжджаючы праезнай часткай групу камунальнікаў. Тыя завіхаюцца каля сьпілаванага дрэва, якое перагарадзіла ходнік. Пабачыўшы незвычайнага мінака, яны замітусіліся, каб выслабаніць праезд. Ля дома, дзе жыве Інга, таксама перашкоды — дарога перакапаная.

Ля дома Інгі рамантуюць дарогу. Трэба быць напагатове
Ля дома Інгі рамантуюць дарогу. Трэба быць напагатове

«Там амаль усё лета ляжаў масток, — ад’ехаўшы ад дому, кажа яна. — Калі прыяжджала з рынку з прадуктамі, дык спынялася ля таго насьцілу і думала: «Божухна, каб толькі хто з суседзяў ішоў ды дапамог пераехаць, ці аднёс бы куплёнае дамоў».

Інга адзначае, што на шпацыр езьдзіць загадзя абраным маршрутам. Калі ад яго адхіліцца, то будзе шмат перашкод: высокая броўка, кепскі асфальт. Дзесяць год таму, зрэшты, было значна горш.

Імпануе, калі на мяне не зьвяртаюць увагі

Пакуль ходнік на вуліцах быў шырокі, то праблемаў з праездам Інгінага вазка не ўзьнікала. Бліжэй да рынку людзей станавілася болей. Яна ледзьве прабіралася праз натоўп.

«Стаўленьне мінакоў на вуліцы да такіх, як я, прыязнае, бо людзі ў нас усё ж далікатныя, — кажа Інга. — Мне наагул імпануе, калі на мяне не зьвяртаюць увагі і ўспрымаюць вазочніка як чалавека з натоўпу. Нехта, дапусьцім, едзе на ровары, а нехта ў вазку. У кожнага свой спосаб перасоўваньня».

У кожнага свой спосаб перасоўвацца. У броўцы ходнікаў Інга вышуквае ніжэйшыя месцы, але трапіць на пешаходны пераход не заўжды ўдаецца. Аўтамабілісты прапускаюць
У кожнага свой спосаб перасоўвацца. У броўцы ходнікаў Інга вышуквае ніжэйшыя месцы, але трапіць на пешаходны пераход не заўжды ўдаецца. Аўтамабілісты прапускаюць

Па яе словах, вазочнікам, якім ня часта даводзіцца бываць у людных месцах, ніякавата, калі іхні «транспарт» займае палову ходніка. Адзін зь яе знаёмцаў, як трапляе ў такія мясьціны, турбуецца, што «перашкаджае хадзіць народу».

На цяперашнім вазку аддаляцца ад дому не наважваюся

Галоўны ўваход рынку Інга абмінула: дужа стромкі зьезд. Звыкла накіравалася да іншых варот. Павільёны сустрэлі шматлюдзьдзем. Праціснуўшыся да гандляроў гароднінай, Інга набрала памідораў, цыбулі, морквы ды бульбы. Расставіўшы набытак у вазку, які заўважна пацяжэў, Інга падалася дамоў. Дарогаю назад раз-пораз прасіла прыслухацца, ці не рыпіць вазок пад лішнім грузам.

Інга на закупах. Гандляркі дапамагаюць накладаць садавіну
Інга на закупах. Гандляркі дапамагаюць накладаць садавіну

Вазок нямецкай вытворчасьці яшчэ на аўкцыёне ў Польшчы купляўся як ужываны. А цяпер, яшчэ празь дзевяць гадоў, кажа Інга, пачаў часта ламацца. Трэснула рама — давялося паўтары гадзіны чакаць дапамогі. Дужа хутка стала зношвацца гума на катках.

«Вазок стаў такі, што перад выездам у горад малюся, каб зь ім нічога не зрабілася дарогай. Няпэўнасьць вельмі напружвае. Іншым разам ня ведаю, ці дабяруся туды, куды выяжджаю», — кажа Інга.

Навошта ёй упрыгожаньні? Яна дома сядзіць!

Здарэньне з рамаю стала штуршком, каб зьвярнуцца па дапамогу ў зборы грошай на новы вазок. Трэба 10,5 тысячы рублёў. Пэнсія ў Інгі не дацягвае да трохсот.

Яна прыгадала, як некалькі месяцаў адкладала грошы на пярсьцёнак, а калі паехала яго купляць, то сапсаваліся колы — і замест упрыгожаньня грошы пайшлі на рамонт вазка.

«Раней у мяне ніколі не было ўпрыгожаньняў, — прызналася Інга. — Калі мне было 16 год, то мая бабуля захацела падарыць завушніцы. Дык ёй сказалі: „Навошта яны ёй, усё роўна ж сядзіць дома“. Так мне іх і не падарылі. Для мяне гэта было так балюча».

Пасьля таго выпадку, кажа Інга, ёй здалося, што яна ня можа насіць упрыгожаньні. І ўсё ж пярсьцёнкі ў яе ёсьць.

Пярсьцёнкі. На той, што справа, Інга адкладала грошы, але яны пайшлі на рамонт вазка. Пярсьцёнак на дзень народзінаў падарыў сябра
Пярсьцёнкі. На той, што справа, Інга адкладала грошы, але яны пайшлі на рамонт вазка. Пярсьцёнак на дзень народзінаў падарыў сябра

Айчынны вазок — бясплатна, з чаргой і на сем год

Электравазок нямецкай фірмы Meyra Інга ўжо нагледзела і нават прадумала варыянты набыцьця, калі ня ўдасца назьбіраць патрэбнай сумы. Яна заўважае, што абрала вазок замежнай вытворчасьці не з уласнай прыхамаці, а зыходзячы са стану здароўя.

«Ён павінен быць вузкі, каб я ў ім не завальвалася. Як мяне кепска пасадзіць, дык я ўжо нічога не змагу зрабіць з сабою ў вазку. Мне проста ня хопіць сілы, таму ён павінен быць дапасаваны да маіх магчымасьцяў», — тлумачыць Інга, кіруючыся ў бабруйскую галерэю на выставу.

Суразмоўніца кажа: каб атрымаць вазок бясплатна — у Беларусі іх вырабляюць — трэба пастаяць у чарзе і мець заключэньне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі. Выдаюць раз на сем гадоў. Акрамя таго, беларускія вазкі, як кажуць тыя, хто імі карыстаецца, — «няякасныя, акумулятары малой ёмістасьці», а канструкцыя для яе нязручная.

Вазок без электрычнага прывода Інзе тата купіў, калі ёй было ўжо за дваццаць.

«Тады я сядзела на канапе і любіла паесьці. Амаль ня рухалася. Была мажная, — згадала суразмоўніца. — Школьнай навуцы мяне вучылі дома. Цяпер шкадую, што не атрымала адукацыі, як скончыла школу, і не шукала працы па сваіх магчымасьцях. Мае рукі становяцца ўсё слабейшымі. Я нават імі вязаць не магу. Толькі нешта маленькае. З улікам свайго досьведу раю маладзейшым сяброўкам вучыцца і ня думаць, што хутка можна памерці».

Інга на вуліцы. Вазок прыцягвае ўвагу мінакоў
Інга на вуліцы. Вазок прыцягвае ўвагу мінакоў

Савецкі падыход да інваліда: як немагчыма вылечыць — сядзі дома

Суразмоўніца прызнаецца, што ёй хацелася вучыцца ў школе разам зь дзецьмі, аднак у Савецкім Саюзе было сваё стаўленьне да інвалідаў.

«Я мела інваліднасьць па хваробе, а тады падыход быў такі: калі чалавек ня можа прыносіць карысьць, то яго варта толькі карміць, а як немагчыма і вылечыць, то няхай неяк жыве ды хварэе сабе дома», — прыгадала савецкае мінулае Інга.

Цяпер жа, лічыць яна, падыход зьмяніўся. Да чалавека з інваліднасьцю пачалі ставіцца як да асобы з абмежаванымі магчымасьцямі, і ў межах гэтых магчымасьцяў яму дадаецца тое, што ён можа рабіць. Многія бацькі пачалі верыць, кажа Інга, што ў іхніх дзяцей з асаблівасьцямі ёсьць будучыня.

Загарэлася беларушчынай

Інга Татур гаворыць па-беларуску. Кажа, што беларушчынай захапілася ў дзяцінстве. У хатнім кнігазборы былі два зборнікі беларускіх народных казак — «Бацькаў дар» і «Каток — залаты лабок». Ніхто зь сямейнікаў прачытаць іх ёй ня мог.

«Яны былі дужа маляўнічыя і вабілі мяне, — згадвае Інга. — Узяўшыся за іх, я не заўважыла, як уцягнулася і прачытала. А потым быў Уладзімер Караткевіч. „Каласы пад сярпом тваім“. Гэты раман мне на расейскай мове прынесьлі ў сёмай клясе. Так я і загарэлася беларушчынай».

На выставе Меера Аксэльрода
На выставе Меера Аксэльрода

Суразмоўніца мае свае старонкі ў сацыяльных сетках. Там піша па-беларуску. Яна заўсёдніца бабруйскіх курсаў «Мова Нанова».

Мары Інгі Татур

Інга з захапленьнем апавядае пра маладых людзей, якія апавядаюць на курсах пра наведваньне беларускіх імпрэзаў у іншых гарадах. Павандраваць — яе найвялікшая мара.

«Што замінае езьдзіць? Напэўна, асноўная перашкода ў галаве, — кажа Інга. — Наважыцца няпроста, асабліва з маім фізычным станам. Фінансы таксама вельмі важкі аргумэнт. У мяне ж усе выдаткі раскладзеныя па паліцах. На свае пагулянкі я таксама адкладаю. Трэба і каб хто дапамагаў у дарозе. Былі выезды ў Менск, але дужа няпростыя».

Разам мары зьдзяйсьняюцца
Разам мары зьдзяйсьняюцца

Сярод мараў Інгі — наведаць у Менску Палац мастацтваў. І каб у Бабруйску арганізавалі выставу карцін яе ўлюблёных мастакоў Сяргея Рамашэўскага і Аляксандра Грышкевіча. А яшчэ ў яе вялікае жаданьне пабываць на рэчцы. У сваёй кампаніі, кажа яна, не аднойчы гэтую ідэю абмяркоўвалі, праклалі маршрут і гатовыя былі ўжо выбірацца — ажно дарогі перакапалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG