Расстраляны другі асуджаны ў справе «чорных рыэлтараў»

Архіўнае фота. Суд над «чорнымі рыэлтарамі» ў Магілёве. Асуджаны да расстрэлу Ігар Гершанкоў у Магілёўскім абласным судзе

Стала вядома, што выкананы сьмяротны прысуд Ігару Гершанкову, які 21 ліпеня 2017 году быў асуджаны ў справе «чорных рыелтараў» да сьмяротнага пакараньня, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Ігар Гершанкоў на фота, распаўсюджаным Сьледчым камітэтам

Пасьля таго, як стала вядома пра выкананьне сьмяротнага прысуду ў дачыненьні да другога асуджанага ў справе Сямёна Беражнога, маці Ігара Гершанкова паведаміла праваабаронцу Андрэю Палуду, што ўжо месяц не атрымлівала лістоў ад сына і хутка чакае спатканьня зь ім, але сытуацыя да канца невядомая.

Раніцай 28 лістапада маці Гершанкова спрабавала высьветліць лёс сына ў СІЗА на Валадарскага і ў Вярхоўным судзе, а днём атрымала пацьверджаньне ў Магілёўскім абласным судзе, што «прысуд прыведзены ў выкананьне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маё жыцьцё залежыць...» Што піша «чорны рыэлтар» з камэры сьмяротнікаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Білі малатком, каб узяў „на сябе“». Расстралялі магілёўца, абвінавачанага ў справе аб шасьці забойствах

За што асудзілі Гершанкова?

Паводле сьледзтва, чацьвёра «чорных рыэлтараў» з Магілёва цягам шасьці гадоў пераконвалі ўласьнікаў кватэр прадаваць сваё жытло, а пасьля забівалі іх. На вясковых могілках было адшукана шэсьць пахаваньняў і тры яміны, падрыхтаваныя для будучых ахвяраў. Імі станавіліся людзі, якія злоўжывалі алькаголем і мелі цяжкае матэрыяльнае становішча.

Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня 2017 году асудзіў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога на сьмяротнае пакараньне, прызнаўшы іх вінаватымі:

  • у забойстве 6 чалавек;
  • у падрыхтоўцы забойства яшчэ траіх;
  • у шэрагу іншых злачынстваў (махлярства, вымаганьне, разбой, захоўваньне наркатычных рэчываў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьледчыя білі сына ў прысутнасьці адваката», — маці асуджанага на сьмерць «чорнага рыэлтара» атрымала зь ім спатканьне

Фігурантамі гэтак званай справы «чорных рыэлтараў» былі таксама:

  • жонка Гершанкова Тацяна — яе асудзілі на 24 гады калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці;
  • жыхар Магілёва Барыс Калесьнікаў — атрымаў 22 гады.

Усе чацьвёра абскарджвалі вырак у Вярхоўным судзе, але той пакінуў яго ў сіле.

Сёлета Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальныя звароты Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога і накіраваў Беларусі запыт аб прыняцьці часовых мераў да вынясеньня Камітэтам канчатковага рашэньня. Праваабаронцы спадзяваліся, што ўлады Беларусі прыпыняць выкананьне сьмяротнага пакараньня да разгляду звароту.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.