Папяровыя ўкраінскія караблікі ля амбасады Расеі ў Менску. ФОТА

Каля дзесяці чалавек прыйшлі ўвечары 26 лістапада да амбасады Расеі ў Менску з папяровымі караблікамі, афарбаванымі ў колеры ўкраінскага сьцяга.

​

​Як паведамляе сайт Naviny.by, удзельнікі акцыі — прыхільнікі «Моладзі БНФ» і іншыя грамадзяне — паклалі караблікі на парапет і разышліся.

Паводле іх, гэтай акцыяй яны выказалі спачуваньне украінскім маракам у канфлікце з расейскімі памежнікамі каля Керчанскай пратокі.

Каля амбасады знаходзіліся каля дзясятка сілавікоў і мікрааўтобус. Яны здымалі тое, што адбываецца на відэакамэру, але ня ўмешваліся.

25 лістапада акцыя пратэсту ў сувязі з захопам Расеяй трох украінскіх вайсковых караблёў прайшла ў Кіеве. Людзі, якія сабраліся, патрабавалі ад Расеі неадкладна вызваліць украінскіх маракоў. 26 лістапада акцыі супраць агрэсіі Расеі ў Чорным моры прайшлі ля расейскіх консульстваў у іншых украінскіх гарадах — Львове, Харкаве і Адэсе, а таксама ў іншых краінах, у прыватнасьці ў Літве, Чэхіі, Польшчы, Грузіі.