КХП-БНФ ладзіць акцыю да гадавіны Слуцкага збройнага чыну

Ілюстрацыйнае фота

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ 25 лістапада праводзіць акцыю ў гонар 98-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну.

Выканаўца абавязкаў старшыні партыі ў Беларусі Юрась Беленькі паведаміў БелаПАН, што прадугледжана наведаць месцы, зьвязаныя са Слуцкім паўстаньнем, а таксама мітынг непасрэдна ў Слуцку.

Каля 50 удзельнікаў акцыі ўжо наведалі мястэчка Грозаў, дзе правялі мітынг. Паводле Беленькага, падзеі здымаў супрацоўнік міліцыі ў цывільным.

Удзельнікі акцыі таксама наведаюць Семежаў і Чырвоную Слабаду (былая Вызна). Фінальным захадам стане мітынг у Слуцку (з 15.00 да 16.00).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Слава героям Случчыны!» У Слуцку ўшанавалі памяць абаронцаў радзімы ад бальшавікоў

24 лістапада ў Слуцку прайшла яшчэ адна акцыя, прысьвечаная гадавіне паўстаньня. Яе арганізатарамі выступілі намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сябра Партыі БНФ Павал Батуеў, сябра Партыі БНФ і каардынатар руху «За Свабоду» ў Менскай вобласьці Віталь Амяльковіч і прадстаўнік руху салідарнасьці «Разам» Генадзь Драздоў.