Сыну чэскага прэм’ера могуць забараніць уезд ва Ўкраіну

Сын чэскага прэм'ера ў анэксаваным Крыме

Сыну прэмʼер-міністра Чэхіі Андрэю Бабішу-малодшаму пагражае забарона на ўезд ва Ўкраіну і штраф за незаконнае перасячэньне мяжы, паведаміў 16 лістапада Радыё Свабода памочнік старшыні Памежнай службы Ўкраіны Алег Слабадзян.

Раніцай 16 лістапада прэмʼер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш заявіў, што не зьбіраецца добраахвотна сыходзіць у адстаўку на час расьсьледаваньня. Ён таксама падзякаваў прэзыдэнту краіны Мілашу Зэману за абяцаньне ўпаўнаважыць яго сфармаваць новы кабінэт у выпадку магчымай адстаўкі.

У Празе ўвечары 15 лістапада адбыўся пратэст супраць ураду Бабіша за паездкі яго сына ў анэксаваны Крым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі адстаўка!»: у Празе пратэстуюць супраць прэм’ер-міністра

У Чэхіі разгарэўся палітычны скандал пасьля інтэрвію сына прэм’ера Андрэя Бабіша-малодшага выданьню Seznam.cz, якое апублікавалі 12 лістапада. Паводле сына, летась яго гвалтам вывезьлі ў анэксаваны Расеяй Крым, каб ня даць магчымасьці сьведчыць праваахоўнікам супраць бацькі ў магчымых махінацыях са сродкамі Эўразьвязу.

Сам прэмʼер Андрэй Бабіш сьцьвярджае, што ягоны сын знаходзіўся ў Крыме «добраахвотна». Ён дадаў пры гэтым, што сын цярпіць на шызафрэнію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сына прэм’ер-міністра Чэхіі хавалі ад сьледзтва ў Крыме

15 лістапада Вышэйшая палата парлямэнту Чэхіі Сэнат прызнаў непрымальным, каб Бабіш працягваў працаваць на пасадзе кіраўніка ўраду да завяршэньня расьсьледаваньня магчымых махінацыяў са сродкамі Эўрапейскага зьвязу.