Праз забойства журналіста ЗША ўвялі санкцыі супраць 17 савудаўцаў

Журналіст Джамаль Хашокджы

Пад пэрсанальныя фінансавыя абмежаваньні ў межах «закону Магніцкага» трапілі 17 падданых Савудаўскай Арабіі. У іх ліку генэральны консул Савудаўскай Арабіі ў Стамбуле, палкоўнік выведкі Эр-Рыяду, а таксама былы дарадца насьледнага прынца Мухамэда ібн Салмана. Міністэрства фінансаў ЗША назвала гэтых людзей удзельнікамі «апэратыўнай групы» па ліквідацыі Хашокджы.

Журналіст Джамаль Хашокджы рэзка выступаў супраць палітыкі Савудаўскай Арабіі. У пачатку кастрычніка ён зьнік у савудаўскім консульстве ў Стамбуле. Празь некалькі тыдняў Эр-Рыяд прызнаў, што журналіста забілі. Ягоныя парэшткі дагэтуль ня знойдзеныя.

Сёньня савудаўскі пракурор заявіў, што загад аб забойстве Хашокджы аддаў кіраўнік перамоўнай групы, якая выправілася ў Стамбул, каб вярнуць Хашокджы на радзіму. Пракурор адзначыў, што абвінавачаньні выстаўленыя 11 арыштаваным. Пры гэтым Эр-Рыяд адмаўляе датычнасьць да злачынства вышэйшага кіраўніцтва краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Савудаўскі пракурор запатрабаваў сьмяротнага пакараньня для абвінавачаных у забойстве журналіста

Краіны Захаду і спэцслужбы Турэччыны з гэтым ня згодныя. Яны падазраюць, што заказчыкі забойства Хашокджы могуць быць зьвязаныя з насьледным прынцам Салманам.