З Уладзіславам Ахроменкам разьвітаюцца 17 лістапада ў менскім Чырвоным касьцёле

Уладзіслаў Ахроменка, архіўнае фота

Пісьменьніка пахаваюць на Заходніх могілках пад Менскам.

Родзічы і сябры пісьменьніка і журналіста Ўладзіслава Ахроменкі паведамляюць ў сацсетках, што цырымонія разьвітаньня зь ім пройдзе ў суботу, 17 лістапада, у менскім Чырвоным касьцёле з 10-й гадзіны да 11:20.

Асобная цырымонія разьвітаньня прайшла 15 лістапада ў польскім Беластоку.

29 кастрычніка ў Ахроменкі здарыўся інфаркт, ён знаходзіўся ў рэанімацыі беластоцкай лякарні ў цяжкім стане.

Апошнія гады ён зь сям’ёй жыў у Чарнігаве, там працаваў у архівах СБУ, дзе дасьледаваў дзейнасьць савецкіх спэцслужбаў. Супрацоўнічаў з рэдакцыяй «Радыё Рацыя», офіс якога месьціцца ў Беластоку, рыхтаваў і вёў праграму «На ўліку КДБ».

На Свабодзе друкаваліся матэрыялы, якія дасьледчык здабыў у архіве Службы бясьпекі Ўкраіны па Чарнігаўскай вобласьці.

Ён аўтар кніг прозы «Здані і пачвары Беларусі» (1994, у суаўтарстве з Максімам Клімковічам; пад псэўданімамі Францішак Хлус і Марцін Юр), «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве» (кінараман, 2007, суаўт. з М.Клімковічам), «Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша» (2009, суаўт. з М.Клімковічам), «Тэорыя змовы» (2011), «Музы і сьвіньні» (2014), п’есы «Русалка Камсамольскага возера» (2010, суаўт. з М.Клімковічам). Пад псэўданімамі выдаў каля дзьвюх соцень камэрцыйных раманаў на расейскай мове, некаторыя зь іх экранізаваныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Информирую любимые органы госбезопасности...» Справы беларусаў — «ворагаў народу» ў архівах СБУ