Кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін падпісаў дакумэнт, якім фактычна забясьпечыў сабе і чальцам сваёй сям’і пажыцьцёвае ўтрыманьне зь бюджэту «ДНР», паведамляе УНІАН.
Згодна з дакумэнтам, апублікаваным на афіцыйным сайце Народнай рады непрызнанай рэспублікі, Пушыліну пасьля сканчэньня яго паўнамоцтваў пажыцьцёва будзе забясьпечаная ахова (дома і ў іншых месцах знаходжаньня), бясплатная сувязь і мэдыцынскае абслугоўваньне, а таксама транспарт і жытло.
Таксама ў выпадку сьмерці кіраўніка «ДНР» ягонай сям’і будзе выплачаная аднаразовая дапамога ў памеры яго гадавога заробку, а недзеяздольныя бацькі і непаўналетнія дзеці будуць мець права на штомесячную дапамогу (бацькі — пажыцьцёва, дзеці — да 18 год). Ягоную сям’ю забясьпечаць жытлом і на 5 год пасьля сьмерці — службовым транспартам і мэдычным абслугоўваньнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «ДНР» і «ЛНР» прайшлі выбары. Украіна, ЭЗ і ЗША іх не прызнаюць11 лістапада ў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспубліках» прайшлі выбары новых кіраўнікоў і дэпутатаў мясцовых «парлямэнтаў». Перамаглі на «выбарах» выканаўцы абавязкаў кіраўнікоў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» Дзяніс Пушылін і Леанід Пасечнік.
Кіеў лічыць выбары незаконнымі. Украінская пракуратура завяла супраць арганізатараў галасаваньня крымінальную справу за «замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць» краіны. Гэты артыкул прадугледжвае пажыцьцёвае пазбаўленьне волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея адмовілася праводзіць пазачарговае пасяджэньне аб сытуацыі на Данбасе ў сувязі з «выбарамі»Украінскі бок Трохбаковай кантактнай групы ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе запатрабаваў неадкладна склікаць пазачарговае пасяджэньне групы «ў сувязі з правядзеньнем незаконных выбараў на акупаваных тэрыторыях», але Расея заявіла, што «ня бачыць у гэтым неабходнасьці».
Міжнародная грамадзкасьць выступіла з асуджэньнем псэўдавыбараў.
Эўразьвяз і ЗША асудзілі правядзеньне «выбараў» у непрызнаных імі «ДНР» і «ЛНР». У Эўразьвязе заявілі, што, згодна зь менскімі пагадненьнямі, любыя выбары на тэрыторыі, якую кантралююць падтрыманыя Расеяй сэпаратысты, павінны быць праведзены ў рамках заканадаўства Ўкраіны і паводле стандартаў АБСЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ і ЗША асуджаюць выбары ў «ДНР» і «ЛНР»Не прызнае гэтых выбараў і NATO. У заяве альянсу гаворыцца, што «яны супярэчаць літары і духу менскіх пагадненьняў і падрываюць намаганьні мірнага ўрэгуляваньня канфлікту».
У Расеі лічаць, што галасаваньне прайшло ў адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам і не супярэчыць менскім пагадненьням.