На менскай выставе зацэнзуравалі «экстрэмісцкае» фота Алеся Пушкіна з вазком гною ля адміністрацыі Лукашэнкі

Выява перформансу Алеся Пушкіна на выставе Zbor in progress у Менску

Яшчэ ў 1999 годзе мастак прыцягнуў вазок гною да Адміністрацыі прэзыдэнта.

Сярод інсталяцыяў і карцінаў на менскай выставе Zbor было адно фота, якое наўмысна зацэнзуравалі, расказвае «Белсат». «Выява недаступная», напісана на чорным прастакутніку, які амаль цалкам закрывае здымак, прызнаны экстрэмісцкім.

У ліпені 1999 году, калі завяршыўся вызначаны Канстытуцыяй прэзыдэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі, ён не пакінуў пасаду. Насуперак рашэньню Канстытуцыйнага суду, адлік прэзыдэнцтва «перазагрузілі» пасьля рэфэрэндуму 1996 году.

Мастак Алесь Пушкін адказаў на гэта такім пэрфомансам: узяў кайданкі, чырвоны вазок, гной ад суседзкай каровы, прывёз гэта да менскага будынка Адміністрацыі прэзыдэнта, вываліў гной з кайданкамі, накрыў гэта плякатам з Лукашэнкам і ўтыркнуў у вываленае вілы. Мастака арыштавалі, пазьней асудзілі на 2 гады ўмоўна за «хуліганства з асаблівым цынізмам». У час затрыманьня на пытаньне, хто ён, Пушкін адказаў: «Імя маё невядомае, але подзьвіг неўміручы».

Алесь Пушкін прадстаўляе выставу «Вокны БНР», 16 ліпеня 2018 году

Фота таго пэрфомансу пасьля распаўсюджвалася безь перашкодаў, у тым ліку ў межах выставы Zbor паказвалася ў Беластоку і Кіеве. Але рашэньнем Гомельскага раённага суду 13 студзеня 2017 году было прызнанае экстрэмісцкім — здымак выклікаў абурэньне на мытні.

Пры гэтым у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, дзе нярэдка дакладна апісваюцца экстрэмісцкія выявы і без цэнзуры пераказваюцца экстрэмісцкія лёзунгі, гэтае фота апісанае даволі сьціпла: забароненая «копія фатаграфіі, на якой на пярэднім пляне нахілены чырвоны вазок з гноем і плякатам, прабітыя віламі». Што за плякат, дзе і калі зробленае фота, у сьпісе не ўдакладняецца. Таксама невядома, ці экстрэмісцкае толькі адно фота таго пэрфомансу, ці любы здымак таго гною з плякатам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму яшчэ нельга скакаць? Што такое «экстрэмісцкі матэрыял» у Беларусі — 10 прыкладаў

Гэта ня першы раз, калі беларусы зьвяртаюць увагу на асаблівасьці беларускага сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў. Так, калі экстрэмісцкай прызналі крычалку футбольных фанатаў, якая пачынаецца са словаў «Хто ня скача», беларусы прыдумалі ў сацсетках іншыя, «неэкстрэмісцкія варыянты»: замест слова «­маскаль» (якое, дарэчы, ня лічыцца забароненым) ужылі словы «бульбаш», «Паскаль», «сразу в рай» і іншыя.

Але з экстрэмісцкімі матэрыяламі беларусам трэба быць пільнымі нават тады, калі самі яны ня тычацца экстрэмізму: так, нядаўна дзяўчыну аштрафавалі за фота, на якім ейны муж носіць шапку з забароненым надпісам, які перакладаецца як «клясавая вайна».