У ЗША прэс-сакратар Белага дому Сара Сандэрс абвінаваціла карэспандэнта CNN Джыма Акосту ў непрыстойных паводзінах у адносінах да маладой жанчыны-стажоркі прэс-службы.
Сандэрс напісала ў твітэры, што Акоста «распускаў рукі» падчас прэс-канфэрэнцыі. Прэс-сакратар разьмясьціла кароткае відэа, на якім бачна, як стажорка спрабуе забраць у журналіста мікрафон. Пры гэтым Акоста дакранаецца рукі практыканткі. Сандэрс лічыць, што карэспандэнт зрабіў гэта наўмысна.
We stand by our decision to revoke this individual’s hard pass. We will not tolerate the inappropriate behavior clearly documented in this video. pic.twitter.com/T8X1Ng912y
— Sarah Sanders (@PressSec) November 8, 2018
Карыстальнікі твітэру і СМІ абвінавацілі Белы дом у падробцы відэа. Яны адзначылі бязладны мантаж кадраў. Нямецкае агенцтва DPA указвае, што існуючы ў яго распараджэньні відэаматэрыял з прэс-канфэрэнцыі пакуль не дазваляе адназначна заявіць пра фальсыфікацыі.
Раней журналіста пазбавілі акрэдытацыі пасьля прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа па выніках прамежкавых выбараў у Кангрэс. На прэс-канфэрэнцыі Акоста, у прыватнасьці, пацікавіўся, чаму Трамп ў перадвыбарных прамовах называў мігрантаў «захопнікамі», і пытаўся, ці не баіцца ён расьсьледаваньня меркаваных сувязяў каманды Трампа з Расеяй. Прэзыдэнт заявіў: «Хопіць!» і перацягнуў увагу на іншага журналіста, аднак Акоста задаў без мікрафону пытаньне аб пасылках з бомбамі на адрас крытыкаў Трампа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом пазбавіў акрэдытацыі рэпартэра CNN«Калі вы перадаеце фэйкавыя навіны — а CNN часта так робіць — вы дзейнічаеце як ворагі народа», — адказаў прэзыдэнт. Ён дадаў, што журналіст зьяўляецца «грубым і жахлівым чалавекам».
Гэта ня першы выпадак канфрантацыі паміж Трампам і Акостам. На прэс-канфэрэнцыі ў пачатку 2017 году, яшчэ да ўступленьня на пасаду, прэзыдэнт адмовіўся адказваць на пытаньні рэпарцёра CNN, заявіўшы, што гэты тэлеканал распаўсюджвае «фальшывыя навіны».
Кіраўніцтва CNN асудзіла дзеяньні прэзыдэнта і выказала поўную падтрымку свайму журналісту.