Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом пазбавіў акрэдытацыі рэпартэра CNN


Акоста, супрацоўніца Белага Дома і прэзыдэнт Трамп
Акоста, супрацоўніца Белага Дома і прэзыдэнт Трамп

Белы дом пазбавіў акрэдытацыі журналіста CNN Джыма Акосту, абвінаваціўшы яго ў непрыстойных паводзінах на прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнта Дональда Трампа 7 лістапада.

У заяве прэс-сакратаркі Трампа Сары Сэндэрс гаворыцца, што Акоста замінаў іншым журналістам задаваць пытаньні, не аддаючы супрацоўніцы Белага дому мікрафон і ўжываючы пры гэтым фізычную сілу.

Сам Акоста апублікаваў у твітэры відэа, на якім супрацоўнікі аховы Белага дому просяць яго вярнуць пропуск.

На запісе з прэс-канфэрэнцыі відаць, што рэпартэр CNN сапраўды не аддаваў супрацоўніцы Белага дому мікрафон, аднак фізычна да яе не дакранаўся.

Інцыдэнт адбыўся пасьля сэрыі вострых пытаньняў, якія Акоста задаў прэзыдэнту Трампу. Ён, у прыватнасьці, пацікавіўся, чаму той у перадвыбарчых прамовах называў набліжэньне каравану мігрантаў «уварваньнем», і пытаўся, ці не баіцца ён расьсьледаваньня меркаваных сувязяў каманды Трампа з Расеяй. Прэзыдэнт у адказ назваў яго «грубым і жахлівым чалавекам». Трамп уступаў у сварку і зь іншымі журналістамі.

Гэта ня першы выпадак канфрантацыі паміж Трампам і Акостам — на прэс-канфэрэнцыі ў пачатку 2017 году, яшчэ да ўступленьня на пасаду, прэзыдэнт адмовіўся адказваць на пытаньні рэпартэра CNN, заявіўшы, што гэты тэлеканал распаўсюджвае «фальшывыя навіны».

Кіраўніцтва CNN асудзіла дзеяньні прэзыдэнта і выказала поўную падтрымку свайму журналісту.

Прэс-канфэрэнцыя Трампа была прысьвечаная вынікам выбараў у Кангрэс, на якіх дэмакраты атрымалі кантроль над Палатай прадстаўнікоў, а рэспубліканцы захавалі большасьць у Сэнаце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG