Восем чалавек загінулі ў пажары ў Кемераўскай вобласьці, сярод іх шасьцёра дзяцей.
Расейскія СМІ паведамляюць, што пажар адбыўся ноччу 6 лістапада ў горадзе Юрга. У адным з прыватных дамоў ратавальнікі, патушыўшы пажар, знайшлі целы семярых чалавек, зь якіх пяцера — дзеці ва ўзросьце ад двух да 12 гадоў.
Паводле слоў прадстаўніка Сьледчага камітэту, таксама былі шпіталізаваныя 42-гадовая жанчына і 12-гадовае дзіця, якое пазьней памерла у лякарні.
Сьледзтва разглядае тры вэрсіі прычын трагедыі: кароткае замыканьне; неасьцярожнае абыходжаньне з агнём пры курэньні; узгаранне ад попелу, то бок парушэньне правілаў эксплюатацыі пекі.
Нагадаем, што 25 сакавіка сёлета ў Кемераве ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» успыхнуў пажар. Агонь пачаў распаўсюджвацца па чацьвертым паверсе, на якім знаходзіліся дзіцячы забаўляльны цэнтар, каток і тры залі кінатэатру. Сваякі заяўлялі пра амаль сто зьніклых бязь вестак, але праз некалькі дзён пасьля пажару Міністэрства надзвычайных сытуацый заявіла, што загінулі 64 чалавекі, у тым ліку 41 дзіця.
Сьледчы камітэт Расеі абвясьціў, паводле вынікаў генэтычных экспэртыз і праверкі зваротаў аб зьніклых бязь вестак, што трагедыя забрала жыцьці 60 чалавек.