Забытыя. Палітэмігрантка і былая актывістка Тацяна Цішкевіч: «У Польшчы пачуваюся бяздомнай»

Грамадзка-палітычная актывістка і ўдзельніца «працэсу чатырнаццаці» Тацяна Цішкевіч, якая змушаная была зьехаць у Польшчу ад крымінальнага перасьледу — пра былую актыўнасьць на радзіме і цяперашняе жыцьцё за мяжой у праекце Радыё Свабода «Забытыя. Размова з героямі ўчорашніх дзён».

Актывісткай моладзевага грамадзка-палітычнага руху Тацяна Цішкевіч стала ў сямнаццаць гадоў. «Сяброўка пазнаёміла зь Мікітам Сасімам — актывістам кампаніі „Джынс за Свабоду“ — так пачалося маё змаганьне за правы чалавека, праўду, справядлівасьць і свабоду», — узгадвае Тацяна.

Праз гэта мусіла сысьці з дому і некаторы час жыла зь сяброўкай на «партыйным офісе».

«Мама мяне не падтрымлівала, і за кожную ўлётку адбываўся скандал. Калі аднойчы паклікала маму на свой суд, то яна казала: „Няма чаго мне болей рабіць! Не зьбіраюся па судах цягацца!“».

Актывістка кампаніі «Джынс за Свабоду», руху «Эўрапейская Беларусь», Тацяна Цішкевіч за ўдзел у флэшмобах, акцыях салідарнасьці і пратэсту адбывала адміністрацыйныя арышты ў турме на вуліцы Акрэсьціна ў Менску ад двух да дваццаці сутак.

«Трэнэр коннага спорту» — такую прафэсію Тацяна Цішкевіч асвойвала ў коннай школе ў Ратамцы пад Менскам. Вышэйшую адукацыю ў гэтай галіне мелася атрымаць ва Ўнівэрсытэце фізычнай культуры. Але з другога курсу яе адлічылі.

«Я адбывала „суткі“ на Акрэсьціна, калі прыйшоў міліцыянт, які мяне садзіў, і кажа: „Цішкевіч, ты больш ня вучысься“. А фармальна выключэньне было зацьверджана „за адміністрацыйныя парушэньні, скіраваныя супраць грамадзкага парадку і маральнасьці“».

У 2007 падчас вулічнай акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых палітыкаў і палітвязьняў Цішкевіч зьбілі АМАПаўцы. З чэрапна-мазгавой траўмай дзяўчына трапіла ў шпіталь, каля месяца праходзіла мэдычную рэабілітацыю.Крымінальную справу на Тацяну Цішкевіч завялі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў 2008 году ў складзе групы з 14 моладзевых актывістаў. «Працэс чатырнаццаці» меў шырокі грамадзкі рэзананс. Два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы — такі быў вырак суду.

Тры гады турмы паводле новага артыкула Крымінальнага кодэксу Тацяне Цішкевіч пагражала «за ўхіленьне» ад адбыцьця ўмоўнага зьняволеньня. Актывістку абвясьцілі ў вышук у 2008 годзе, калі яна пакінула Беларусь.

Сёлета Тацяне споўнілася 30 гадоў — дзесяць зь іх яна жыве ў польскім горадзе Ўроцлаве. Працуе ў галіне фізычнай культуры і здароўя, палітыкай не займаецца.

«Цішкевіч, звальвай ты лепш у Польшчу»

— Як бы вы назвалі вашу эміграцыю зь Беларусі: палітычнай, інтэлектуальнай ці эканамічнай?

— Натуральна, што выехала з прычыны тых умоваў, у якія была пастаўленая. Я не магла займацца нічым: ні палітыкай, бо пагражала сапраўдная турма, ні навучаньнем, бо выключылі з унівэрсытэту, ні ўлюбёным конным спортам.

І ўсё роўна я нават ня думала зьяжджаць. Але аднойчы была на допыце ў пракуратуры — давала паказаньні паводле сваёй скаргі. У мяне склаліся добрыя адносіны з пракурорам — ён нават да мэтро мяне падвёз, калі ехаў па сваіх справах. І вось па дарозе ён так сур’ёзна паглядзеў на мяне і кажа: «Цішкевіч, звальвай ты лепш у Польшчу». І нават тады я ўсур'ёз ня думала пра ад'езд.

— Ці ня думалі вы пра тое, што гэтая парада магла быць часткай пляну сілавікоў па выцісканьні зь Беларусі самых актыўных апанэнтаў рэжыму?

— Думаю, не бяз гэтага: з аднаго боку лібэралізацыя, а зь іншага — тупнуць нагой пад сталом, каб такія, як я, нават не высоўваліся. Мяне, да прыкладу, і цяпер — празь дзесяць гадоў пасьля ад’езду — працягваюць шукаць. Тэлефануюць маме, прыходзяць дадому і кажуць, каб я прыйшла ў міліцыю.

Прычым робяць гэта позна ўвечары ці ранкам — нават перад тым, як маму клалі на апэрацыю ў шпіталь. А мая сястра жыве ў Чэхіі, і вось калі яна празь некалькі гадоў прыехала дадому, адразу прыйшлі міліцыянты і праверылі яе дакумэнты.

«Калі нехта пытаўся пра Беларусь, магла разрыдацца»

— Што значыць «зьехаць» у вашы няпоўныя 20 гадоў? Чужая краіна, іншае грамадзтва — як для вас гэта было?

— Перадусім скажу, што гэтае рашэньне прымала цяжка — цягам трох месяцаў і ў сур’ёзнай дэпрэсіі. Я была асуджаная, ня мела права пакідаць Менск і таму мусіла выяжджаць так, каб ніхто ня ведаў. Агулам пра гэта казала толькі чатыром людзям. Таму ў мяне нават не было магчымасьці разьвітацца з роднымі ды сябрамі.

«Прыгоды» пачаліся яшчэ ў Менску: напярэдадні сябар узяў мае сумкі, каб прынесьці іх да цягніка. Я чакаю, застаецца некалькі хвілін, і раптам ён прыходзіць бяз сумак: «Скажы, якія там ляжаць рэчы, бо я забыўся код у камэры захоўваньня і не магу іх забраць».

У выніку я паехала з адным заплечнікам — праз Расею, Украіну, са шматлікімі перасадкамі. Тады ўпершыню перажыла сапраўдны страх. Калі б мяне затрымалі, то наступныя два гады я пражыла б у беларускай турме.

Праз двое сутак у Варшаве мяне сустрэлі сябры, і стала нашмат лягчэй. Адтуль я накіравалася ва Ўроцлаў, дзе мелася навучацца ў Акадэміі фізычнага выхаваньня па праграме Каліноўскага.

— Ці можна сказаць, што ваша грамадзка-палітычная актыўнасьць у Беларусі паўплывала на ўсё вашае жыцьцё?

— Так, вельмі моцна паўплывала. Першы час увогуле не магла размаўляць на гэтую тэму. Калі ў мяне нехта пытаўся пра Беларусь, магла проста разрыдацца. Бо пакінула ўсё сваё жыцьцё, сваіх родных і блізкіх — мама хварэе, і я не магу ёй нічым дапамагчы. Я дасюль цалкам не перажыла гэты боль.

Трохі мяне ратаваў удзел у розных акцыях у падтрымку Беларусі ў Польшчы. Ва Ўроцлаве мы са студэнцкай ініцыятывай «Вольная Беларусь» праводзілі пікеты, акцыі, пісалі лісты палітвязьням.

Але шмат часу аддаваць грамадзкай актыўнасьці таксама не магла, бо мусіла сябе утрымліваць, працаваць — стыпэндыі на жыцьцё не хапала. Скончыла ўнівэрсытэт, курсы па конным спорце, аздараўленьні. Гэтым цяпер і займаюся.

Папулярызую здаровы лад жыцьця, таксама ў зьвязцы з духоўным разьвіцьцём: масажы, музыкатэрапія, біяэнэргетыка і г.д. Магчыма, гэты занятак перадаўся мне ў спадчыну, бо прабабця была «шаптухай» — умела лячыць травамі, рабіць замовы.

«Частку жыцьця пакінула на радзіме — і сум даганяе мяне ўвесь час»

— Ад вашага ад’езду прайшло дзесяць гадоў. Як вы цяпер пачуваецеся ў Польшчы?

— Вельмі па-рознаму. Былі складаныя моманты ў жыцьці, калі я трапіла ў аўтамабільную аварыю. Атрымала цяжкія траўмы, амаль суткі была ў непрытомнасьці, але як толькі ачуняла, у шпіталі сказалі, што ня могуць мяне лекаваць. Калі гэта здарылася, я вярталася зь вясельля і страхоўкі з сабой ня мела. І пацьвердзіць яе таксама не магла. І мяне папросту выставілі са шпіталя. Так я паўтара месяца заставалася дома і на таксоўцы мусіла езьдзіць да прыватных лекараў. А займацца страхавымі кампэнсацыямі не было ні магчымасьці, ні сіл.

Але ў кожным разе я не шкадую таго, чым займалася ў Беларусі, і не шкадую, што зьехала. Бо гэта пашырыла мае магчымасьці далейшага разьвіцьця, дало шанец паглядзець на жыцьцё зь іншага боку.

Хоць цалкам так яшчэ і не знайшла сябе. Не пачуваюся «стабільна» — так да канца і не адаптавалася. Частку жыцьця пакінула на радзіме — і сум даганяе мяне час ад часу.

— Ці разглядаеце магчымасьць вярнуцца ў Беларусь?

— Не магу сказаць, што хачу вярнуцца. Але хацела б мець магчымасьць вяртацца, пабачыць родных, адчуць радзіму. Цяпер я пачуваюся бяздомнай.

Наколькі я ведаю, мой судовы вырак — два гады ўмоўнага зьняволеньня — ня мае тэрміну даўнасьці. Таму проста так вяртацца на радзіму пры гэтай уладзе небясьпечна. Спадзяюся, што сытуацыя зьменіцца хаця б са зьменай самой улады.

Нядаўна мне споўнілася трыццаць гадоў, і трэцюю частку зь іх я жыву па-за межамі радзімы. Агулам у такім узросьце ўжо прыходзіць думка пра ўласны дом і ўласную сям’ю, якіх я пакуль што ня маю.

5 пытаньняў Свабоды

— Беларуская нацыянальная ідэя — гэта...

— Па-рознаму можна адказаць на гэтае пытаньне. Але першае, што прыходзіць на думку, — гэта «разам» і «радасьць». Калі ёсьць супольнасьць і ёсьць падтрымка ў ёй. Гэта жыцьцё ў згодзе з сабой і зь людзкой супольнасьцю.

Мне лягчэй было б нават намаляваць гэтую ідэю, чым сказаць пра яе: нават бачу такую сямейную супольнасьць перад вогнішчам.

— Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі.

— Мне цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Перада мной прайшло шмат герояў — вельмі годных людзей, і я не хацела б пэўным сьпісам абмяжоўваць іх колькасьць.

— Якая кніга паўплывала на вас як на асобу?

— Як асоба я фармуюся дагэтуль. А першая кніга, якая асабліва мяне ўразіла і запомнілася, у якой я пабачыла і самую сябе — гэта «Мудрасьць жыцьця» філёзафа Ошо.

— Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?

— Шчасьце не ў грашах. Грошы — гэта толькі адзін са складнікаў шчасьця. Калі ня будзе іншых, то і грошы ня зробяць шчасьлівым. Я амбітны чалавек, і калі б у мяне была пэўная сума грошай, то знайшла б магчымасьць, як найлепш іх выкарыстаць, інвэставаць у сваё разьвіцьцё ці разьвіцьцё сваёй фірмы.

Я рознабаковы чалавек, таму магу пражыць і на малыя грошы. Але жыцьцё ёсьць не для таго, каб зводзіць канцы з канцамі. Але каб добра жыць, то патрэбныя грошы, каб мець сваё жыльлё і было дастаткова ня толькі на неабходныя патрэбы, але таксама на добры адпачынак, на камфорт і г.д.

— Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

— Пэўна, пакуль Лукашэнка не памрэ, то і ня зьменіцца. Не ўяўляю іншых варыянтаў.

У праекце «Забытыя. Размовы з героямі ўчорашніх дзён» таксама чытайце

Сяржук Бахун: «Беларускі рэжым можа абрынуцца раптоўна ў кожную ноч»

Наймалодшы вязень Плошчы Мікіта Ліхавід: «Зьбіраюся заняцца бізнэсам — хочацца „дзьвіжухі“»

Былы «палітпрызыўнік» Андрусь Цянюта: «Апазыцыйны досьвед мяне ўмацаваў, і цяпер мяне мала чым можна напалохаць»

Забытыя. Актывіст Алесь Кіркевіч: «Апазыцыйныя структуры і білборды „Люблю Беларусь“ нічога ня зьменяць»

Забытыя. Зьміцер Хведарук: «Тады я зразумеў, што зьмяніць жыцьцё ў Беларусі на раз-два не атрымаецца»

Павал Юхневіч: «Больш не дзялю Беларусь на бел-чырвона-белую і чырвона-зялёную»

Маўлюда Атакулава: «Сьпявалі „Мы выйдзем шчыльнымі радамі“ на ўсё Акрэсьціна»

Андрэй Клімаў: «Мару памерці раней, чым перастане існаваць Беларусь»

Як смаргонскі хлопец стаў сьвядомым беларусам, паслухаўшы Радыё Свабода

Аляксандар Зьдзьвіжкоў: «Я лішні чалавек і мару скончыць жыцьцё годна»

Яўген Скочка: «Тут турма, але яна свая, а там свабода — і яна чужая»

Былы моладзевы актывіст: «Многія сябры зьехалі, але мне камфортна ў Беларусі. Нават калі цяжка»