У Гішпаніі паўстануць перад судом былыя лідэры Каталёніі. Ім пагражае да 25 гадоў турмы

Былы намесьнік кіраўніка ўраду Каталёніі Арыял Джункерас, архіўнае фота

Дзевяці каталёнскім палітыкам інкрымінуецца мяцеж у сувязі з аднабаковым абвяшчэньнем незалежнасьці Каталёніі ў 2017 годзе. Экс-кіраўніка рэгіёну Карлэса Пудждэмона, які знаходзіцца ў Бэльгіі, судзіць ня будуць, паведамляе Deutsche Welle.

У Гішпаніі 18 былых лідэраў руху за незалежнасьць Каталёніі паўстануць перад судом. Дзевяці зь іх інкрымінуецца мяцеж у сувязі са спробай аддзяленьня Каталёніі ад Гішпаніі ў кастрычніку 2017 году, паведаміў Вярхоўны суд у Мадрыдзе ў чацьвер, 25 кастрычніка. За спробу бунту ў Гішпаніі прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да 25 гадоў.

Паводле рашэньня Вярхоўнага суду, на лаве падсудных у ліку іншых апынецца былы намесьнік кіраўніка ўраду Каталёніі Арыёл Жункерас. Цяпер Жункерас разам з цэлым шэрагам іншых лідэраў каталёнскіх сэпаратыстаў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.

Суд, аднак, ня будзе разглядаць справу былога лідэра сэпаратыстаў Карлэса Пудждэмона, паколькі той знаходзіцца ў выгнаньні ў Бэльгіі, а гішпанскае правасудзьдзе не дазваляе весьці падобны працэс у адсутнасьць абвінавачанага. Вярхоўны суд не прызначыў дату судовага працэсу, аднак, як пішуць гішпанскія СМІ, ён, відаць, распачнецца ў пачатку 2019 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Каталёніі зьявіўся новы інструмэнт ціску на Гішпанію

Канфлікт з Мадрыдам вакол незалежнасьці Каталёніі рэзка абвастрыўся ў 2017 годзе пасьля таго, як Карлэс Пудждэмон правёў рэфэрэндум аб аддзяленьні рэгіёну ад Гішаніі. Улады Гішпаніі прызналі яго незаконным, а ў адказ на дэклярацыю аб незалежнасьці, якую прыняў парлямэнт Каталёніі, увялі ў аўтаноміі прамое кіраваньне з Мадрыду і пачалі перасьледаваць лідэраў руху за незалежнасьць Каталёніі. Некаторыя зь іх апынуліся ў турме, а іншым удалося зьбегчы.

У чэрвені с'лета ў Каталёніі прыняў прысягу новы рэгіянальны ўрад на чале з Кімам Торэ, паплечнікам былога каталёнскага лідэра Карлэса Пуджэмона, пры якім у рэгіёне адбыўся непрызнаны Мадрыдам рэфэрэндум аб незалежнасьці.

Такім чынам завяршыўся пэрыяд прамога кіраваньня Мадрыду на тэрыторыі аўтаноміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільён каталёнцаў выйшаў на вуліцы Барсэлёны з патрабаваньнем незалежнасьці