Як улады ЗША змагаюцца з пагрозай паштовага тэрарызму

Ілюстрацыйнае фота. Пэрсанал міністэрства абароны ЗША ў ахоўных касьцюмах правярае падазроны канвэрт. 2 кастрычніка 2018 году

Пасылкі з выбухоўкай, разасланыя ў рэдакцыю CNN і лідэрам Дэмакратычнай партыі, уключаючы экс-прэзыдэнта Барака Абаму і былога дзяржсакратара Гілары Клінтан, яшчэ раз прадэманстравалі небясьпеку пагрозы паштовага тэрарызму — рассылкі выбуховых і атрутных рэчываў праз пошту.

Штодня Паштовая служба ЗША апрацоўвае 493,4 млн лістоў і пасылак — у сярэднім больш за 20 мільёнаў адпраўленьняў у гадзіну. За апошнія два дзесяцігодзьдзі паштавікі распрацавалі некалькі стратэгій, якія дазваляюць прадухіліць перасылку выбухоўкі і ядаў.

Двое супрацоўнікаў Паштовай службы загінулі ў Вашынгтоне неўзабаве пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году. Тады невядомыя злачынцы разаслалі поштай некалькім журналістам і палітыкам лісты, у якіх былі споры сьмяротнага захворваньня — сыбірскай язвы. Памерлыя паштальёны займаліся сартаваньнем лістоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя Нью-Ёрку: у пасылак з бомбамі, верагодна, адзін адпраўнік

Сьмяротна небясьпечныя лісты атрымалі ў рэдакцыях некалькіх выданьняў у Нью-Ёрку і Флорыдзе, а таксама ў офісах тагачаснага лідэра сэнацкага большасьці Тома Дэшла і сэнатара Патрыка Ліхі. Усяго тады загінулі пяць чалавек (уключаючы дваіх паштальёнаў з Вашынгтону) і яшчэ 17 чалавек заразіліся сыбірскай язвай.

Пасьля рассыланьня заражаных лістоў у 2001 годзе ўлады ЗША зьмянілі парадак рэагаваньня на падобныя пагрозы. Паштовая служба запусьціла праграму «Выяўленьне небясьпечнай пошты» (Dangerous Mail Investigations) для пошуку падазроных адпраўленьняў на тэрыторыі ўсёй краіны. У цэнтрах апрацоўкі пошты паставілі спэцыяльнае абсталяваньне для вызначэньня актыўных біялягічных рэчываў. Яшчэ на пошце сталі стэрылізаваць пры дапамозе апрамяненьня ўсе адпраўленьні, якія паступаюць на адрас фэдэральных ведамстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трампу даслалі ліст зь невядомым зьмесьцівам, — Сакрэтная служба ЗША

Упраўленьне службаў агульнага прызначэньня, якое кіруе фэдэральнай уласнасьцю, выпусьціла ў 2002 годзе ўказаньні па паштовай бясьпецы. Гэта было зроблена, каб «абараніць здароўе і бясьпеку фэдэральных і цывільных супрацоўнікаў у нашых паштовых цэнтрах». На сайце ведамства гаворыцца, што кіраўніцтва абнаўляецца па меры ўзьнікненьня новых пагроз.

У дакумэнце пералічваецца мноства элемэнтаў, якія павінны быць уключаны ў пратакол бясьпекі паштовага цэнтру ў кожным фэдэральнай ведамстве. Да такіх мераў належаць ацэнкі рызык, захады ў абароне супрацоўнікаў і працэсы праверкі зьмесьціва пошты, а таксама інструкцыі на выпадак узьнікненьня надзвычайнай сытуацыі.

У Паштовай службе кажуць, што лісты з атрутнымі рэчывамі або пасылкі з бомбамі звычайна высылаюць на хатнія адрасы, а выбуховыя прылады часта адпраўляюць у будынкі ведамстваў для таго, каб нанесьці шкоду максімальна вялікай колькасьці людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апрача Клінтан, Абамы і Сораса бомбы паслалі ў Белы дом і CNN