Арцыбіскуп Кандрусевіч: вымалёўваецца надзея на візыт Папы ў Беларусь

Cустрэча папы Францішка з каталіцкімі біскупамі Беларусі ў Ватыкане, зьлева мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Люты, 2018

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распавёў у інтэрвію парталу catholic.by пра кароткую размову з Папам рымскім у Ватыкане.

Тадэвуш Кандрусевіч удзельнічае ў працы Сыноду Біскупаў, які праходзіць у Ватыкане на тэму «Моладзь, вера і распазнаньне пакліканьня». 11 кастрычніка ён выпадкова сустрэў пантыфіка па дарозе ў залу Паўла VI.

«Папу я прывітаў словамі на італьянскай мове: "Добры дзень, Ваша Сьвятасьць". Ён адразу пазнаў мяне і, як стары знаёмы, спытаў, як ідуць справы ў Беларусі, падкрэсьліваючы, што прэзыдэнт жадае яго візыту ў Беларусь. Я сказаў, што час ідзе наперад і, як падаецца, надзея на такі візыт вымалёўваецца», — распавёў арцыбіскуп.

Але пры гэтым мітрапаліт не растлумачыў, што канкрэтна ён мае на ўвазе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Кандрусевіч: Умова для візыту папы ў Беларусь — несупраціў праваслаўнай царквы

Падчас размовы мітрапаліт праінфармаваў Папу пра юбілей 40-годзьдзя прызначэньня мітрапаліта Філарэта ў Беларусь і сказаў, што буду тэлефанаваць да юбіляра. Папа прасіў павіншаваць герарха і ад яго імя.

У лютым Тадэвуш Кандрусевіч казаў, што сёлета візыт папы ў Беларусь немагчымы, паколькі графік візытаў ужо расьпісаны. «Аднак ён вельмі хацеў бы прыехаць», заявіў тады мітрапаліт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ватыкан назваў адну з умоваў прыезду папы ў Беларусь

На асабістай сустрэчы з папам Францішкам, якая адбылася 21 траўня 2016 года ў Апостальскім палацы ў Ватыкане, Аляксандар Лукашэнка запрасіў пантыфіка наведаць Беларусь.

«Прыяжджайце да нас. Вы атрымаеце столькі сіл і здароўя, колькі ні ў адной кропцы сьвету», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сустрэўся з папам: «Гэта была асабістая сустрэча. Мы блізкія зь ім ідэалягічна»