Альтэрнатыўную Нобэлеўскую прэмію па літаратуры атрымала француская пісьменьніца Марыз Кандэ

Лягатып Новай акадэміі.

Француская пісьменьніца Марыз Канде атрымала прэмію Новай акадэміі па літаратуры. Трансьляцыя абвяшчэньня пераможцы праходзіла праз Youtube-канал прэміі.

Узнагарода ўручаная за апісаньне «жахаў каляніялізму і хаосу посткаляніялізму». Новая акадэмія заснавана групай з больш чым ста культурных дзеячаў Швэцыі, каб замяніць Нобэлеўскую прэмію па літаратуры ў 2018 годзе.

Марыз Кандэ нарадзілася ў 1937 годзе ў Пуэнт-а-Пітр у францускай Гвадэлупе. Яна вядомая сваім гістарычным раманам «Я, Ціцюба. Чорная ведзьма Салема», які распавядае пра чарнаскурую жанчыну, асуджаную ў часе працэсу над салемскімі ведзьмамі ў XVII стагодзьдзі і іншымі гістарычнымі творамі пра жыцьцё ў Заходняй Афрыцы і на Карыбах.

Акрамя Кандэ, у шорт-лісьце прэміі апынуліся брытанскі фантаст Ніл Гейман, канадзкая пісьменьніца віетнамскага паходжаньня Кім Тьюі і японец Харукі Муракамі. Муракамі пазьней ад свайго ўдзелу ў конкурсе адмовіўся.

Кандэ атрымае грашовую ўзнагароду мільён швэдзкіх крон, гэта каля 112 тысяч даляраў ЗША, адзначае The New York Times.

Нобэлеўскі камітэт адмовіўся ад уручэньня прэміі па літаратуры ў 2018 годзе з прычыны скандалу ў Швэдзкай акадэміі. Мужа адной з членаў акадэміі западозрылі ў раскрыцьці імёнаў будучых ляўрэатаў і сэксуальных дамаганьнях. У кастрычніку яго прысудзілі да двух гадоў турмы. Прэмія будзе ўручана ў 2019 годзе.