За крычалку «Хто ня скача, той м...ль!» у Беларусі будуць штрафаваць або арыштоўваць

Заўзятары падчас стартавага матчу новага эўрапейскага каманднага турніру Ліга Нацый паміж зборнымі Беларусі і Сан-Марына

За крычалку «Хто ня скача, той м...ль», якая стала шырока вядомая пасьля Эўрамайдану і Рэвалюцыі годнасьці 2014 году ў Кіеве, цяпер у Беларусі будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці.

У тым ліку прадугледжаны грашовы штраф ці адміністрацыйны арышт.

Інфармацыю пра гэта Свабодзе пацьвердзілі ў Цэнтральным раённым судзе Менску.

«Адпаведнае рашэньне прыняў судзьдзя Андрэй Зянкевіч 23 верасьня», — паведамілі ў прэсавай службе суду.

Увесну 2015 году група маладзёнаў выкарыстала крычалку з такім тэкстам падчас сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску. Неўзабаве Рэспубліканская экспэртная камісія прызнала відэа пра гэта экстрэмісцкім і ўключыла яго ў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, забароненых для распаўсюджваньня і цытаваньня. Між тым сама крычалка фармальна забароненай не лічылася. Сёлета ў верасьні падчас футбольнага матчу зборных Беларусі і Сан-Марына група беларускіх фанатаў на адным з сэктараў на менскім стадыёне зноў зладзіла скокі пад гэты тэкст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на футболе адбыліся затрыманьні за бел-чырвона-белы сьцяг. ФОТА

«Усе ўдзельнікі, у тым ліку ініцыятары, правакацыйнай верасьнёўскай акцыі выяўленыя», — цытуе газэта «СБ — Беларусь сегодня» супрацоўніка Галоўнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС. Паводле газэты, якраз гэтая ўстанова была ініцыятарам судовага рашэньня, на падставе якога цяпер будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці за любое ўжываньне або паказ крычалкі. Ці прыцягнулі да адказнасьці футбольных фанатаў, якія выкарысталі крычалку на матчы Беларусь — Сан-Марына, у міліцыі не паведамілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля затрыманьняў за бел-чырвона-белы сьцяг фанаты прасьпявалі «Воины света» і выгукнулі «Жыве Беларусь». ВІДЭА

Суд Цэнтральнага раёну Менску ня першы раз прызнае экстрэмісцкімі крычалкі беларускіх фанатаў. Гэтак, у 2016 годзе экстрэмісцкай была прызнаная крычалка на матыў дзіцячай песьні «Вместе весело шагать».

За распаўсюджваньне крычалак, якія ўключаныя ў сьпіс экстрэмісцкіх, парушальніку пагражае штраф ад 10 да 50 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крычалка фанатаў «Дынама» прызнаная экстрэмісцкім тэкстам