Падатак з «кампаній зь беларускімі каранямі» не разглядалі ў Палаце прадстаўнікоў

Ілюстрацыйнае фота

На партале Tut.by 10 кастрычніка быў апублікаваны артыкул, у якім сьцьвярджалася: «З замежных кампаній зь беларускімі каранямі ў Беларусі хочуць браць падатак з усяго сусьветнага даходу».

Такое палажэньне нібыта «прапісанае ў новай рэдакцыі Падатковага кодэксу, які мае набыць моц з 1 студзеня 2019 году».

Сябра камісіі бюджэту і фінансаў Палаты прадстаўнікоў, першы прарэктар Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Валер Барадзеня ў размове са Свабодай парэкамэндаваў вельмі асьцярожна падыходзіць да такіх навінаў. Ён лічыць, што гэтую навіну можна назваць «фэйкавай».

Валер Барадзеня (у цэнтры), архіўнае фота

«Пачну з таго, што новая рэдакцыя Падатковага кодэксу яшчэ не паступала ў парлямэнт, — тлумачыць Барадзеня. — Так, кіраўнік краіны выказаў пажаданьне, каб гэты дакумэнт запрацаваў з 1 студзеня 2019 году. Але на сёньня дэпутаты не бачылі зьменаў да дзейнага кодэксу.

У гэтым пытаньні самае галоўнае — гэта азначэньне і дакладная фармулёўка таго, якую кампанію можна лічыць кампаніяй зь беларускімі каранямі. Бяз гэтага дыскусія страчвае ўсялякі сэнс».

Цяпер беларуская кампанія мусіць плаціць падатак у Беларусі з усяго даходу па ўсім сьвеце, а замежная — з тых даходаў, якія атрымлівае ў Беларусі, і з той маёмасьці, якую мае ў Беларусі. Ці кампанія беларуская, ці замежная, сёньня вызначаецца паводле месцазнаходжаньня найвышэйшага органа кіраваньня, месца прыняцьця ключавых кіроўных рашэньняў, месцазнаходжаньня асноўных бухгальтарскіх дакумэнтаў і месца жыхарства кіраўніка або заснавальніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парк высокіх тэхналёгіяў вырас удвая за год. Што гэта значыць

У матэрыяле Tut.by сьцьвярджаецца, што крытэры прызнаньня кампаніі беларускай «дэталізаваныя і пашыраныя», што кампанію могуць прызнаць беларускай «адпаведна міжнароднай дамове Беларусі ў падатковых пытаньнях» і «ў выпадку бязьдзеяньня кампаніі ў дзяржаве, паводле заканадаўства якой яна створаная, і знаходжаньня фактычнага месца яе кіраваньня ў Беларусі».

Барадзеня кажа, што пакуль немагчыма дакладна сказаць, якіх кампаніяў гэты «падатак за беларускія карані» можа тычыцца, бо «калі няма юрыдычнага вызначэньня, то можна казаць, што такога паняцьця наагул не існуе». У прыклад ён прыводзіць мэсэнджэр Viber, у якога пры пэўных фармулёўках таксама можна пабачыць «беларускія карані».

«Нам трэба думаць пра іншае, а менавіта пра тое, як стварыць у Беларусі такія ўмовы, каб да нас прыходзілі ўсе кампаніі, — дадае Барадзеня. — А гэта цяжка, бо любая краіна хоча прыцягнуць да сябе бізнэс, каб пасьля ўзяць зь яго падаткі.

І яшчэ. Калі мая інфармацыя не састарэла, то Беларусь на сёньня мае дамовы болей чым з 60 краінамі аб пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня. Як улічваць гэтыя міжнародныя нормы? Тут вельмі шмат пытаньняў, на якія пакуль няма адказу. Таму, вымушаны паўтарыцца: я не надаваў бы гэтай інфармацыі значэньня».