Першая замежная паездка бяз мужа. Мэланія Трамп наведала ў Кеніі прытулак для сланоў-сіротаў

2 кастрычніка першая лэдзі ЗША пачала афрыканскае турнэ з Ганы.

Першая лэдзі ЗША Мэланія Трамп наведала 5 кастрычніка два прытулкі ў Кеніі, дзе яна цяпер знаходзіцца з афіцыйным візытам. Адзін з прытулкаў — дзіцячы дом, а другі — гадавальнік для сланоў, якія засталіся сіротамі, паведамляе Голас Амэрыкі.

Трамп наведала прытулак для маладых сланоў падчас наведваньня Нацыянальнага парка Найробі, запаведніка, які разьмешчаны ў паўднёвым прыгарадзе кенійскай сталіцы.

Наглядчыкі парку распавялі першай лэдзі аб захадах, якія прымаюцца ў Кеніі для захаваньня папуляцый сланоў і насарогаў, якія цяпер знаходзяцца ў небясьпецы з прычыны дзеяньняў браканьераў. У ліпені 11 насарогаў загінулі пасьля пераводу ў нацыянальны парк Усходні Цаво. Па дадзеных Reuters, жывёлы загінулі ад атручваньня сольлю, якая знаходзілася ў пітной вадзе.

Чыгунка, пабудаваная кітайцамі, якая перасякала парк напалам, стала яшчэ адной крыніцай для рознагалосьсяў. Праект быў падтрыманы ўрадам, аднак гэта не спадабалася эколягам, якія скардзяцца на шкоднае ўзьдзеяньне чыгуначнай інфраструктуры на флёру і фаўну.

Падчас сваёй першай замежнай паездкі без суправаджэньня мужа Мэланія ўжо наведала тры афрыканскія краіны: Гану, Малаві і Кенію. Фінальнай кропкай афрыканскага турнэ стане Егіпет. Больш за ўсё першую лэдзі цікавяць пытаньні клопату пра дзяцей, адукацыя, турызм і захаваньне дзікай прыроды.