Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзь лепшым»: жонка прэзыдэнта ЗША Мэланія Трамп запусьціла кампанію дапамогі дзецям


Мэланія Трамп

Жонка прэзыдэнта ЗША Мэланія Трамп абвясьціла пра пачатак кампаніі, якая засяродзіцца на некаторых асноўных праблемах, зь якімі сутыкаюцца дзеці, а таксама будзе вучыць дзяцей важнасьці сацыяльнага, эмацыйнага і фізычнага здароўя.

Праграма пад назвай «Будзь лепшым» (Be Best) накіраваная на разьвіцьцё здаровага ладу жыцьця, правільнае выкарыстаньне сацыяльных сетак і на барацьбу са злоўжываньнем апіёідамі* (найчасьцей, наркатычныя анальгетыкі, якія палягчаюць боль і выклікаюць эўфарыю — РС), заявіла Мэланія Трамп.

«Маральны абавязак нашага пакаленьня — праявіць ініцыятыву і дапамагчы нашым дзецям, — лічыць першая лэдзі ЗША. — Яны — наша будучыня».

Мэланія Трамп зрабіла гэтую заяву ў Ружавым садзе Белага дому. Яна сказала, што ў якасьці першай лэдзі будзе надаваць павышаную ўвагу праектам, прысьвечаным дзіцячаму разьвіцьцю: у дыяпазоне ад дапамогі немаўлятам, якія пацярпелі ад апіёідаў, якія ўжываюць іх бацькі, да намаганьняў, накіраваных на абарону дзяцей ад небясьпечных бакоў інтэрнэту.

Напрыканцы сваёй прамовы Мэланія Трамп запрасіла свайго мужа на подыюм, каб ён падпісаў праклямацыю, якая дае афіцыйнае ўхваленьне яе кампаніі і згодна зь якой 7 траўня прысьвячаецца таму, каб станавіцца лепшымі.

«Сёньня мы даем абяцаньне быць лепшымі — дзеля нашых сем’яў, нашых абшчын і нашай краіны», — сказаў Дональд Трамп, падпісаўшы дакумэнт.

Першыя лэдзі ЗША традыцыйна прымаюць удзел у разьвіцьці розных сацыяльных праграм у краіне. Так, жонка Джорджа Буша-старэйшага Барбара, якая нядаўна памерла, займалася барацьбой з непісьменнасьцю ў ЗША, а жонка 44-га прэзыдэнта Барака Абамы Мішэль — барацьбой зь дзіцячым атлусценьнем.

Пра паводзіны ў сацсетках

Першая лэдзі адзначыла неабходнасьць асьветы дзяцей у галіне выкарыстаньня сацыяльных мэдыя і зьвярнулася да прысутных на цырымоніі прадстаўнікаоў Microsoft, Google, Twitter, Facebook, чальцоў адміністрацыі і іншых, выказаўшы надзею, што яны будуць шчыльна працаваць разам наступныя гады ў пытаньнях онлайн-паводзінаў дзяцей і павышэньня ўзроўню іх дасьведчанасьці пра гэта.

Мэланія Трамп лічыць, што калі дзеці з самага раньняга ўзросту будуць атрымліваць навык правільных паводзінаў у інтэрнэце, можна будзе выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі прадуктыўна, і яны будуць прыносіць карысьць, паведамляе ВВС.

Жонка прэзыдэнта ЗША раней ужо давала зразумець, што хацела б надаваць больш увагі праблеме цкаваньня ў інтэрнэце, а таксама разьвіцьцю станоўчых формаў паводзінаў у сацсетках. У лютым яна выступіла з заклікам да ўсіх дарослых разьвіваць у сацыяльных сетках такія каштоўнасьці, як узаемная падтрымка, дабрыня, спагада і павага.

Аднак крытыкі прэзыдэнцкай пары ўжо задаюцца пытаньнем, ці кіруецца яе парадамі яе муж, Дональд Трамп, калі ўзаемадзейнічае з кімсьці ў сацсетках. Прэзыдэнта ўжо ня раз крытыкавалі за ягоныя пэрсанальныя выпады на адрас тых ці іншых людзей у «Твітэры», а таксама папракалі за тое, што ягоныя паведамленьні сеюць разлад у грамадзтве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG