Чыноўнікі з Калінкавічаў загадалі прадпрыемствам купіць супрацоўнікам яблыкі

Ілюстрацыйнае фота

Беларускія СМІ апублікавалі дакумэнт ад Калінкавіцкага райвыканкаму: «Даручаю вам арганізаваць набыцьцё яблыкаў для работнікаў вашага прадпрыемства…»

Натальля Прохарава

Дакумэнт з подпісам намесьніцы старшыні Калінкавіцкага райвыканкаму Натальлі Прохаравай апублікавалі гомельскія «Сильные новости». Яблыкі загадана купляць у прадпрыемства «50 гадоў БССР», пры патрэбе можна купіць у Калінкавіцкага хлебзаводу скрыні пад яблыкі за 50–70 капеек.

Інфармацыю пра закупкі неабходна падаць у аддзел эканомікі райвыканкаму да 14:00 5 кастрычніка, сьцьвярджае дакумэнт, разасланы 2 кастрычніка. У тэксьце пазначаная «кантактная асоба» ў кампаніі «50 гадоў БССР», Тамара Суганяка.

Да «кантактнай асобы» датэлефанаваўся Onliner.by. Партал запрасілі забраць ураджай, але адмовіліся паведаміць, салодкія яблыкі ці кіслыя, а таксама назвалі цану: 35–40 капеек за 1 кг яблыкаў.

У той жа дзень Onliner.by публікаваў загад прадпрыемствам ад намесьніцы старшыні адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёву аб набыцьці 100 лятарэйных білетаў для рэалізацыі сярод працаўнікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Растуць як кабачкі». Як гарадзенец гадуе кавуны на лецішчы за горадам