Пінская міліцыя пакуль ня будзе правяраць, ці дырэктар пабіў школьнікаў

Ілюстрацыйнае фота. Пінск

Пінскі гарадзкі аддзел унутраных спраў прыпыніў 26 верасьня праверку наконт інцыдэнту зь меркаваным зьбіцьцём вучняў сярэдняй школы № 10 Дзяніса Жука і Міхаіла Ціханчука дырэктарам СШ № 18 Фёдарам Радзівонам​.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла маці пяціклясьніка Мішы Кацярына Ціханчук.

У Пінску 11 верасьня здарыўся інцыдэнт паміж дырэктарам сярэдняй школы № 18 Фёдарам Радзівонам і вучнямі СШ № 10 Дзянісам Жуком і Міхаілам Ціханчуком. Бацькі вінавацяць дырэктара школы ў тым, што той зьбіў іхных дзяцей, якія каталіся на скейтах на пляцоўцы каля ўваходу ў школу. Дырэктар кажа, што дзеці самі сутыкнуліся між сабой.

Як гаворыцца ў лісьце зь міліцыі, правядзеньне праверкі прыпынена «ў сувязі зь негатоўнасьцю заключэньня судова-мэдычнай экспэртызы адносна Жука, Ціханчука і Ціханчук, а таксама заключэньня экспэртызы радёэлектронных прыладаў».

«То бок ніхто не сьпяшаецца рабіць экспэртызу. Там жа было відэа зьнята на дзіцячым тэлефоне, як дырэктар іх б’е. А супрацоўнікі школы выдалілі гэтае відэа. Вось яны аддалі тэлефон на яго аднаўленьне — у Пінску не змаглі ўзнавіць, таму перадалі ў Берасьце. А колькі там будуць аднаўляць, невядома», — кажа Кацярына Ціханчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацькі, якія кажуць, што дырэктар зьбіў іхных дзяцей, зьвярнуліся да Лукашэнкі

«Можна хоць дзесяць разоў прэзыдэнту напісаць!»

Кацярына Ціханчук сказала, што бацькі пісалі заяву ў міліцыю на ўзбуджэньне крымінальнай справы. А ліст да кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі вярнуўся на разгляд пракуратуры Берасьця, і тая перадала яго ў пракуратару Пінску.

Можна хоць дзесяць разоў прэзыдэнту напісаць! Гэта не для простых сьмяротных

«Усім займаецца Пінск. Ні Менск, ні Берасьце, усім напляваць.Справа можа заглухнуць. Дзіўна, куды глядзіць Берасьцейскі аддзел адукацыі, куды мы адразу зьвярнуліся? Атрымліваецца, што ў нашай краіне можна біць, забіваць, і калі ты маеш нейкія сувязі ці грошы, то табе за гэта нічога не будзе. Дырэктар працуе, усьміхаецца. А тое, што нашы дзеці пабітыя, што я пабітая, то няма ні абароны, ні справядлівасьці. Можна хоць дзесяць разоў прэзыдэнту напісаць! Гэта, відаць, не для простых сьмяротных», — сказала Кацярына Ціханчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён іх з жорсткасьцю ўдвох зьбівае галовамі». Маці школьніка распавяла, што ўбачыла на відэа

З бацькамі пагутарыў дэпутат Колб

З бацькамі, якіх выклікалі ў школу, дзе вучацца іхныя дзеці, пагутарыў нават дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Колб.

«Размова была ў нас больш за дзьве гадзіны, але ён ні разу не спытаў, як пачуваюцца нашыя дзеці. Ён прыехаў канкрэтна заступіцца за дырэктара. Проста цікава: чаму дзяцей ніхто не абараняе? Колб сказаў, маўляў, нам ніякай выгады з гэтага ня будзе — прымірыцеся. Але мы не шукаем выгады, мы за справядлівасьць», — адзначыла Кацярына Ціханчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны кажуць: а пайшоў ты...» Дырэктара школы вінавацяць у жорсткім зьбіваньні дзяцей

Праверка ня скончана, дырэктар працуе

Ва ўпраўленьні адукацыі Пінскага гарвыканкаму карэспандэнту Свабоды сказалі, што праверка інцыдэнту ня скончаная, а Фёдар Радзівон працуе на пасадзе дырэктара СШ № 18.