Эўрапейскі банк фінансуе дарожнае будаўніцтва ў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота. Менская кальцавая аўтамабільная дарога

Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пагадненьне аб крэдытаваньні будаўніцтва другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Менску.

Дамова паміж урадам Беларусі і Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) прадугледжвае пазыку ў суме 42 мільёны 450 тысяч эўра.

Гэтыя грошы пойдуць на рэканструкцыю часткі аўтадарогі Р-80 Слабада — Паперня працягласьцю 15 кілямэтраў. Пасьля завяршэньня рэканструкцыі гэтая траса будзе адпавядаць 1-й катэгорыі аўтамабільных дарог і стане завяршальным этапам будаўніцтва Другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Менску. Там павялічаць колькасьць палос руху зь дзьвюх да чатырох, пабудуюць двухузроўневыя разьвязкі, а таксама элемэнты дарожнай бясьпекі, якія цалкам адпавядаюць эўрапейскім стандартам.

Чакаецца, што рэканструкцыя і ўвод у эксплюатацыю аўтамабільнай дарогі Р-80 адбудзецца ў 2019 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарогу Менск — Вільня рэканструююць за эўрапейскія грошы

Як адзначыў міністар транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак, Эўрапейскі банк даў крэдыт на вельмі добрых умовах — працэнтная стаўка складае 1,1% гадавых.

У пэрспэктыве ЭБРР даў згоду на фінансавую дапамогу на тэхнічнае супрацоўніцтва ў выглядзе грантаў у памеры паўмільёна эўра. Гэтыя сродкі будуць выдзеленыя для ўдасканаленьня сыстэмы кіраваньня дарожнай гаспадаркай. Колькасьць грантаў і іхныя памеры будуць вызначаныя пасьля таго, як Рада ЭБРР азнаёміцца з плянам захадаў па ўдасканаленьні структуры кіраваньня дарожнай гаспадаркай. Паводле міністра Сівака, улічваючы шмат працэдураў, на гэта пойдзе прыкладна паўтара года.