Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарогу Менск — Вільня рэканструююць за эўрапейскія грошы


Ілюстрацыйнае фота. Чарга ля пункту пропуску «Каменны Лог»

Рада Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку (ЭІБ) ухваліла свой першы праект у Беларусі па рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М7 / Е28 і аўтадарожнага пункту пропуску «Каменны Лог» празь беларуска-літоўскую мяжу.

Пра гэта стала вядома падчас сустрэчы амбасадара Беларусі ў Бэльгіі і Люксэмбургу Аляксандра Міхневіча з кіраўніцтвам ЭІБ у Люксэмбургу 13 сьнежня, перадае БелаПАН.

Праект быў ухвалены радай ЭІБ 11 сьнежня.

«На працягу сьнежня 2017 — студзеня 2018 плянуецца ўзгадніць тэкст крэдытнага пагадненьня для яго падпісаньня бакамі», — паведамляе беларуская амбасада ў Бэльгіі. Падчас сустрэчы таксама былі падрабязна абмеркаваныя стан спраў, пэрспэктывы і праблемныя пытаньні па кожным з праектаў ЕІБ у Беларусі.

Раней паведамлялася, што на праект рэканструкцыі аўтамагістралі і пункту пропуску ЭІБ можа вылучыць 110 мільёнаў эўра.

Траса М7 злучае Менск і мяжу зь Літвой, далей працягваючыся па літоўскай шашы А3 да Вільні. Уваходзіць у склад эўрамаршруту Е28 і панэўрапейскага калідору. Агульная працягласьць складае 139 км.

***

Беларусь атрымала доступ да працы з Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам пасьля адмены санкцыяў Эўразьвязу. Па сутнасьці, гэта апошні ключавы фінансавы інстытут, які ня быў прадстаўлены ў Беларусі.

У чэрвені 2017 году было ратыфікаванае рамачнае пагадненьне паміж Беларусьсю і ЭІБ. Яно прадугледжвае, што банк можа прадстаўляць фінансаваньне ў выглядзе крэдытаў, гарантыяў або іншых фінансавых інструмэнтаў, а таксама тэхнічную дапамогу пад інвэстыцыйныя праекты, якія прадстаўляюць інтарэс для Беларусі.

У чэрвені жа першы намесьнік міністра эканомікі Дзьмітры Круты казаў журналістам, што ЭІБ прапануе «камфортныя ўмовы фінансаваньня». Так, крэдыты даюцца на тэрмін да 25 гадоў з мараторыем на выплаты па асноўным доўгу да пяці гадоў і стаўкай ад 1 да 3% гадавых. «З улікам даляравай інфляцыі гэта не зусім бясплатныя грошы, але вельмі камфортныя па выплатах», — падкрэсьліваў Круты.

Эўрапейскі інвэстыцыйны банк быў заснаваны ў 1958 годзе як банк Эўразьвязу. Ён знаходзіцца ва ўласнасьці 28 дзяржаваў — сябраў Эўразьвязу. Банк прадстаўляе фінансавыя сродкі, тэхнічныя веды і вопыт для рэалізацыі абгрунтаваных і жыцьцяздольных праектаў у Эўропе і за яе межамі.

XS
SM
MD
LG