Берасьцейскага блогера затрымалі пасьля стрыму. ВІДЭА

Сяргей Пятрухін, архіўнае фота

Берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна 30 верасьня затрымалі супрацоўнікі АМАПу. За 20 хвілін да гэтага блогер распачаў у сваім фэйсбуку жывы эфір з пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці.

Супрацоўнік міліцыі прычынай затрыманьня назваў «арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу», піша БелаПАН. Пятрухін знаходзіцца ў Ленінскім РАУС Берасьця.

Падчас стрыму Пятрухін не выключаў, што акцыі пратэсту яго затрымаюць.

​Сяргей Пятрухін займаецца тэмамі карупцыі і праблемамі, зьвязанымі з будаўніцтвам акумулятарнага заводу.

У выніку чарговага ператрусу 30 жніўня міліцыя сканфіскавала ў Пятрухіна кампутары, накіравала яго на псыхіятрычную экспэртызу. Частку тэхнікі блогеру ўжо вярнулі, распавёў Пятрхун падчас эфіру 30 верасьня.

Раней на Пятрухіна былі заведзеныя крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 188 КК (паклёп) і паводле ч. 2 арт. 189 КК (абраза) за выказваньні блогера ў ягоных трансьляцыях пра міліцыянта Сяргея Ігнацюка. У канцы ліпеня на затрыманьне Пятрухіна накіроўвалі супрацоўнікаў АМАП, узброеных аўтаматамі.

Акумулятарны авод будуюць на пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Берасьце». На ім маюць наладзіць поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў. Мясцовыя жыхары пратэстуюць супраць будаўніцтва, нягледзячы на забароны мясцовых уладаў: праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра шэраг парушэньняў працэдураў будаўніцтва.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На будаўніцтве акумулятарнага заводу пад Берасьцем выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі