Арына Сабаленка выйграла тэнісны турнір у Кітаі з прызавым фондам амаль $3 млн

Арына Сабаленка (архіўнае фота)

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка (20-е месца ў рэйтынгу WTA — жаночай тэніснай асацыяцыі) выйграла буйны турнір ва Ўхані (Кітай) з прызавым фондам 2 млн 746 тыс. даляраў ЗША. Сабаленка атрымае за перамогу амаль паўмільёна.

29 верасьня ў фінальным матчы лепшая спартсмэнка Беларусі 2017 году, паводле вынікаў апытаньня БелаПАН, перамагла эстонку Анэт Кантавэйт.

На шляху да тытулу Сабаленка выйграла ў шостай ракеткі сьвету ўкраінкі Эліны Сьвітолінай, амэрыканкі Сафіі Кэнін, славачкі Дамінікі Цыбулкавай і аўстралійкі Эшлі Барці.

Гэта другі выйграны Сабаленкай турнір WTA. Першы быў у амэрыканскім Нью-Хэйвэне ў канцы сёлетняга жніўня (прызавы фонд 799 тыс. даляраў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ўпершыню трапілі ў чацьвёрку найлепшых тэнісных зборных сьвету