На беларуска-польскай мяжы затрымалі партыю гашышу на мільён эўра

Памежнік аглядае частку партыі гашышу

Польскія памежнікі 31 жніўня затрымалі на пункце пропуску «Тарэспаль» дваіх грамадзянаў Расеі, мужчыну і жанчыну, з 86 кг гашышу.

Іх затрымалі з прычыны «ненатуральных і нэрвовых паводзінаў», вырашылі агледзець машыну больш пільна.

Партыю наркотыкаў, знойдзеную ў схованках аўтамабіля, ацанілі ў 4 332 518 злотых — гэта прыблізна 1,185 млн даляраў або больш за 1,013 млн эўра. За перавозку такой партыі можа пагражаць да 15 гадоў турмы, пакуль перавозчыкаў затрымалі на тры месяцы.

***

У чэрвені ў Беларусі засудзілі расейца, які спрабаваў правезьці яшчэ большую партыю гашышу — 285 кг. Яму прысудзілі 18 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці. На судзе ён казаў, што ня мае ніякага дачыненьня да наркотыкаў і ня ведае, якім чынам яны апынуліся ў ягоным аўта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 18 гадоў за 285 кг гашышу: у Горадні засудзілі расейца за кантрабанду наркотыкаў

Дзеля дастаўкі наркотыкаў у Эўразьвяз у тым выпадку праз інтэрнэт наймалі кур’ераў, на імя кур’ера куплялі машыну, неабходныя сродкі сувязі, забясьпечвалі яго дастатковай сумай грошай для паездкі. Кур’ер забіраў у Расеі аўтамабіль, у якім быў усталяваны GPS-навігатар з канкрэтным адрасам у эўрапейскім горадзе. Прыбываючы туды, кур’ер паведамляў сваім гаспадарам праз тэлефон альбо інтэрнэт, што дабраўся, і пакідаў аўта ў прызначаным месцы. За нейкі час у адмысловыя схованкі ў аўтамабілі закладваліся наркотыкі. Людзі, якія гэта рабілі, мелі запасныя ключы ад машыны. Потым кур’еру паведамлялі, што ён можа вяртацца назад у Расею. У навігацыйны прыбор быў закладзены адрас, куды ён павінен даехаць і зноў жа ў канкрэтным месцы пакінуць машыну.