Марадона заробіць у мэксыканскім клюбе 1,98 млн даляраў за год, — аргентынскія СМІ

Дыега Марадона, архіўнае фота

Колькі яму плоцяць у берасьцейскім «Дынама», невядома. Аргентынскія СМІ пішуць, што больш за 20 млн даляраў за тры гады. У Мэксыцы, калі верыць аргентынскім СМІ, Марадона заробіць у 10 разоў менш, але за год.

Аргентынскі сайт Infobae заявіў, што атрымаў доступ да кантракту «ганаровага прэзыдэнта» футбольнага клюбу «Дынама Берасьце» Дыега Марадоны з мэксыканскім клюбам «Дарадас дэ Сіналоа».

Марадона, паводле выданьня, падпісаў кантракт на 11 месяцаў і атрымае 1,98 млн даляраў — каля 180 тысяч на месяц. Калі клюб зможа выйсьці ў найвышэйшы дывізіён (цяпер гуляе ў Ascenso MX, другім дывізіёне), то кантракт Марадоны аўтаматычна працягваецца. Таксама сьцьвярджаецца, што Марадону даецца права прысутнічаць на лаве запасных падчас матчаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі клімат вельмі суровы». Адвакат Марадоны пра яго рашэньне працаваць у Мэксыцы

Акрамя таго, мясцовыя СМІ сьцьвярджаюць, нібыта Марадона прасіў клюб арандаваць яму ранча з басэйнам недалёка ад трэнавальнай базы «Дарадас», аднак забясьпечаныя жыхары гэтай мясцовасці выступілі супраць такога суседзтва, палічыўшы, што магчымыя праблемы аргентынца з наркотыкамі могуць нэгатыўна адбіцца на прэстыжнасьці раёну.

Раней у аргентынскай прэсе хадзілі чуткі і пра тое, што Марадона купляе ў Менску катэдж за 20 млн даляраў з аэрадромам побач, ды беларускія СМІ выявілі, што такіх дарагіх катэджаў у Менску проста няма — а пасьля ў «Дынама» для Марадоны знайшлі дом у Берасьці.

***

Раней стала вядома, што Дыега Марадона будзе сумяшчаць працу ў Беларусі і ў Мэксыцы: ён стане тэхнічным дырэктарам мэксыканскага клюбу «Дарадас» (і будзе «кіраваць камандай») і разам з гэтым будзе на пасадзе «ганаровага прэзыдэнта» берасьцейскага «Дынама».

Беларускі клюб выдаў афіцыйную заяву аб тым, што Марадона быў запрошаны ў «Дынама» як «ганаровы прадстаўнік» (цяпер да пасады старшыні праўленьня дадаюць у дужках «ганаровы прэзыдэнт»), паводле ўмоваў кантракту можа займаць пасады ў іншых арганізацыях.

Колькі Марадона заробіць у «Дынама», не паведамлялася. Аргентынскія СМІ толькі разважалі, што сума кантракту на 3 гады можа перавысіць 20 млн даляраў — утрая больш, чым ён да таго меў у арабскім клюбам «Аль-Фуджэйра».

Марадона ў Берасьці: на джыпе, на стадыёне, на футболках. ФОТА