У Дзярждуму Расеі ўнесьлі законапраект, які дазваляе дуэлі

Фрагмэнт рэпрадукцыі карціны расейскага мастака Ільлі Рэпіна «Дуэль Анегіна і Ленскага»

У Дзяржаўную думу Расеі ўнесьлі праект «Дуэльнага кодэксу», які дазваляе двубоі гонару паміж чыноўнікамі. Аўтарам дакумэнту зьяўляецца дэпутат ад партыі ЛДПР Сяргей Іваноў, які раней прапаноўваў закон аб «ахове грамадзян ад наступстваў ужываньня часнаку», паведамляе «Інтэрфакс».

Паводле задумы аўтара «Дуэльнага кодэксу», дуэль паміж чыноўнікам і нечыноўнікам магчымая, але для гэтага спатрэбіцца пісьмовы дазвол кіраўніка дзяржслужачага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея: камандуючы Расгвардыяй паабяцаў зрабіць з Навальнага «адбіўную»

Напярэдадні камандуючы Расгвардыяй Віктар Золатаў выклікаў апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага на «паядынак», паабяцаўшы зрабіць з яго «добрую сакавітую адбіўную». Гэта стала адказам на публікацыі Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) аб меркаваных парушэньнях пры закупках ведамствам прадуктаў для супрацоўнікаў.