Усяленскі патрыярх прыняў маскоўскага патрыярха Кірыла. «Каб абвясьціць пра аўтакефалію для Ўкраіны» — СМІ

У Стамбуле прайшла сустрэча патрыярха Канстантынопальскага Варфаламея і патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Галоўнае пытаньне сустрэчы двух герархаў праваслаўнай царквы — утварэньне ва Ўкраіне адзінай памеснай царквы, незалежнай ад Маскоўскага патрыярхату.

Украінскія СМІ са спасылкай на мітрапаліта Гальскага Эмануіла паведамляюць, што Варфаламей праінфармаваў патрыярха Кірыла пра рашэньне ўтварыць ва Ўкраіне аўтакефальную царкву. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль няма.

Пра тое, што Ўсясьветны патрыярх Варфаламей сустрэўся з патрыярхам Кірылам з нагоды рашэньня аб наданьні Ўкраіне аўтакефаліі, паведаміла і грэцкае праваслаўнае выданьне Оrthodoxia.info.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрыярх Філарэт: пасьля атрыманьня Ўкраінай аўтакефаліі гісторыя РПЦ будзе пачынацца з XV стагодзьдзя

Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы ад камэнтароў пасьля сустрэчы адмовіўся. На пытаньне, як ён ацэньвае перамовы, патрыярх адказаў: «Усё добра».

З 1 па 3 верасьня ў Стамбуле адбудзецца агульны сход эпіскапату Канстантынопальскай патрыярхіі. Чакаецца, што на ім абмяркуюць пытаньне аб утварэньні адзінай памеснай украінскай царквы.