Першы пакет санкцыяў ЗША ў дачыненьні да Расеі ў адказ на атручэньне ў Вялікай Брытаніі былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі набудзе сілу 27 жніўня, пасьля афіцыйнай публікацыі на сайце Фэдэральнага рэестру. Пра гэта паведамляюць ТАСС і «РИА Новости» са спасылкай на прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.
Раней паведамлялася, што абмежаваньні ўступяць у сілу 22 жніўня.
Паведамляльны пэрыяд, вызначаны Законам аб кантролі над хімічнай і біялягічнай зброяй, скончыўся 22 жніўня. Паведамленьне для Фэдэральнага рэестру, якое ўводзіць санкцыі ў дзеяньне, паслана. Чакаецца, што яно будзе апублікавана 27 жніўня, — сказаў прадстаўнік амэрыканскага замежнапалітычнага ведамства.
Пад санкцыі, абвешчаныя Дзяржаўным дэпартамэнтам 8 жніўня, трапляе пастаўка Расеі прадукцыі падвойнага прызначэньня і экспарт тавараў і тэхналёгіяў, зьвязаных са сфэрай нацыянальнае бясьпекі ЗША, а таксама пастаўкі электронікі, кампанэнтаў і тэхналёгіяў для нафтагазавай галіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп гатовы скасаваць санкцыі супраць Крамлю, «калі яны зробяць нешта карыснае»Другі пакет плянуецца ўвесьці празь некалькі месяцаў, калі Масква ня дасьць гарантыяў неўжываньня хімічнай і біялягічнай зброі. У ім, у прыватнасьці, прадугледжваецца забарона палётаў кампаніі «Аэрофлот» у ЗША і скарачэньне ўзаемнага гандлю да мінімуму.
У чаканьні абвешчаных Вашынгтонам санкцыяў рэзка патаньнеў расейскі рубель.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як санкцыі паўплывалі на расейскіх алігархаў? Адказвае Мінфін ЗША